Захварбаваныя вершы (1936)/Так хочацца сказаць новае нешта…

Вось у ціхай задуме шагоў… Так хочацца сказаць новае нешта…
Верш
Аўтар: Хведар Ільяшэвіч
1936 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Так хочацца сказаць новае нешта —
Пусьціць лявоніхай ліхія рытмы —
Засьмяяцца нябывала словам сьмешным —
Раскудлачыць разудала стыль дасьціпны…
Ой, хочацца ўтануць у строфах звонкіх —
Абняцца з кожным незнаёмым словам —
З каўшоў песьняў сьветлых выпіць самагонку —
Расшумецца ў вершы гоманам сасновым —
Зрывайцеся салаўямі, цымбалы,
У струназвоне сонцам вехацеце — —
Ці, браты, у нашым сьпеве хмелю мала,
Ці буянства мала ў песенным расьцьвеце?..
Пара вам, песьні, жніўнёвым напевам
Закалыхацца ў веснавых зарэччах —
У юнацкай Беларусі лётам сьмелым
Заірдзецца ярка на бяседным вечы.