Заходзіць сонца за горы
Заходзіць сонца за горы Верш Аўтар: Янка Лучына Крыніца: Вольная Беларусь. — 18 жніўня 1918. — №29 |
Заходзіць сонца за горы,
Паклалісь цені па лесе;
Вяршына старой аборы
Пазалацілась на стрэсе.
Вось вецер цёплы ад рэчкі
Нясе пах з лесу жывіцы
І польных кветкаў, і грэчкі,
І мурматанне крыніцы.
Як ціха! Там, у патока,
Кулік часамі засвішча;
Толькі здалёка, здалёка
Шуміць з карчомкі ігрышча.
Знаць там гуляюць і рады,
Знаць весяляцца багата,
Гугараць старцы грамады
І скачуць хлопцы, дзяўчата.
Чаму ж па лесе, па полю,
Як воўк, адзін я заўсюды?
І плачу ціха на долю,
Поўны і смутку і нуды?
Чы не такі я, як людзі?..
Чаму ж грамады дзічуся?..
Ой, жаль мне ўеўся у грудзі
Па табе, зорка — Гануся!
Дзеля багацтва — старому
Усе твае красы дзявочы!..
Дзеля худобы — з сарому
Не кажу людзям у вочы!..
Толькі між хвоі, бярозы
Бягуць па лесе у сваты
Мой голас смутны і слёзы.
Гануся, зорка мая ты!..