Зачараваныя грошы
Зачараваныя грошы Паданне Аўтар: народ Крыніца: http://skarby.in/zacharavanyja-groshy.html |
Вяртаўся салдат пасля пабыўкі ўдома на вайсковую службу. Ішоў ён, ішоў і здагнала яго ноч каля нейкай вёскі. Багацей, вядома, у хату служывага не пусціў, на хлеў паказаў, маўляў, і там пераначуеш. Салдат не надта пакрыўдзіўся ад такой гасціннасці — абы страха над галавою. Але ў тую ноч яму штосьці не спалася. Варочаўся з боку на бок, а заснуць не мог. Раптам чуе — хтосьці тупае непадалёку ад хлява. Падхапіўся служывы, давай сачыць, што тут робіцца. Ажно бачыць — ідзе па двары гаспадар, а за плячыма ў яго срэбра звініць у мяшку. Падышоў да ямы, выкапанай каля гумна, азірнуўся, прыслухаўся, потым сыпануў срэбра ў яму і вярнуўся назад у хату. Мусіць, шмат было ў багацея срэбра, бо неўзабаве яшчэ дзве меркі прынёс. І зноў падаўся ў хату. А салдат тым часам адчыніў дзверы хлява, зняў з сябе крыжык і кінуў яго на скарб. Сам не паказваецца, далей назірае.
Багацей прынёс яшчэ тры меркі срэбра. Высыпаў іх у яму і старанна закідаў скарб зямлёю. Тады ўзяў стрэльбу, бабахнуў з яе і сказаў:
— Як гэты стрэл пачуўся далёка, так мае грошы апусціцеся глыбока!
І срэбра адразу зазвінела, правальваючыся ў падзямельную бездань.
Назаўтра раніцай салдат развітаўся з гаспадаром і пайшоў далей сваёй дарогай.
Адслужыўшы ўсе дваццать пяць гадоў у войску, вяртаўся салдат назусім дахаты. І здарылася так, што трапіў ён у тую самую вёску, дзе калісьці начаваў. Гаспадар, у якога ён спыняўся, даўно памёр. Дзецям сваім ні капейчыны не пакінуў, таму жылі яны вельмі бедна, у галечы. Пашкадаваў салдат небаракаў, сказаў ім, што яны маюць скарб і павёў з рыдлёўкамі да гумна. А перад тым як паказаць, дзе капаць, сказаў:
— Дамовімся так… Тыя грошы, што да крыжыка, — мае, астатнія — вашы.
Спадчыннікі пагадзіліся. Неўзабаве скарб быў адкапаны. Узяў салдат срэбра, насыпанае да крыжыка. Надышла чарга збіраць грошы гаспадарам хаты. Толькі яны знялі крыжык з зачараваных грошай — пачуўся звон, і срэбра невядома куды знікла.