Заўтра
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1924
Крыніца: Маладняк № 1-1927

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я гляджу
ў залатое сучасьсе,
Бачу ў ім
сонца радасьці заўтра…
Вось чаму
агонь ў сэрцы ня гасьне…
Я кажу:
жыць з надзеямі варта.
Вырас я
У прасторах жытнёвых,
слухаў я
сьпеў шумлівых бяроз…
На кані
цёмна-грывым сталёвым
вецер
ў новае сёньня прынёс…
Я гляджу
ў залатое сучасьсе,
у блакітам
залітае поле,
у прастор той,
што жытамі шастае,
і што шастае
так, як ніколі.
Чую ў шастаньні
голас знаёмы…
Колькі ў голасе
сьветлых надзей…
А таму,
Што бязьмежным разгонам
ў сінь палевую
Горад ідзе!..

Бачу ў ім
сонца радасці заўтра,
хоць я вырас
ў прасторах жытнёвых…
Прэч-жа, вецер,
нічога ня варты!
Я памчуся
на конях сталёвых!

Ня сумуй,
клён кудравы над хатай,
сьлёз не ліце,
бярозавы далі,
бо на крыллях
сталёвых узняты
панясуся
хутчэй я і далей!..

Панясуся —
ніхто ня стрымае
ў падарожжы
да радасьці шчасьця…
На сталёвым кані
сьветлым маем
і ў далёкім шляху —
не прапасьці!

Вось чаму
палымнею жаданьнем:
там, дзе сьвецяцца
вочы зарніц,
адчуць фабрыкі
гул і дыханьне,
шыр прастору
электрай заліць.

І тады —
я веру у гэта —
на балоце,
дзе лозы-ракіты,
апяваць будзе
горда поэта
новы горад,
электрай заліты!

І тады —
васільковую просінь
абаўе
сьветлай фабрыкі дым, —
вось чаму
ў сэрцы радасьць мы носім,
а я ў сьпевах сваіх —
малады.

(1924)