За працай
Верш
Аўтар: Міхась Васілёк
1925
Крыніца: Вершы. - 1973. — с. 28

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Праца цяжкая…
На рукі мазольныя гляну свае —
І сіл прыбывае.
Узрадуйся, сэрца,
сонца ўстае!
Сустрэнь яго чыстым вясновым блакітам,
Напеўныя струны насустрач крані ты.
О, светлае сонца, о, радасны май!
Вітаю цябе я,
сын працы — ратай.
Гэй, коні!..
Прысталі?
Ну, што ж, супачыньце,
а я запяю,
Паслухайце ж, далі, —
Душу я вам песняй адкрыю сваю…
І вольная песня мая палілася,
Ў бары адгукнулася,
к небу ўзнялася!
Тварыў яе рання чароўны спакой,
Вясняныя краскі,
бунтарны настрой.
А з-за высокага, цёмнага бору,
Святлом заліваючы межы, разоры,
Спакойна ўставала магутнае сонца,
Свяціла надзеяй пакутнай старонцы.

1925