Збор твораў (Бядуля, 1937)/II/Свеціць месяц. Б’ецца сэрца

*** Я пайшоў у сыр-бор *** Свеціць месяц. Б‘ецца сэрца
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Ля срэбнай затокі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьвеціць месяц. Б’ецца сэрца…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗   ∗

Свеціць месяц. Б‘ецца сэрца.
Янка стук і грук у дзверцы:
— Адчыні, мая дзяўчына,
Будзе радасць уначы нам!

— Маці злосная аблае.
Маці кажа: я малая.

Свеціць месяц. Ён праз вокны
Сцеліць срэбныя валокны.
Янка торгае за клямку:
— Адчыні, мая Маланка!

— Як-жа выйду я на росы —
Ножкі дробныя ўжо босы.

Месяц свеціць. Лезе ў вочы.
Трачу розум свой дзявочы.
— Мне сабака рукі ліжа,
Адчыні-жа, адчыні-жа!

— Я ужо косы расчасала.
Дай сабаку лустку сала.

Месяц свеціць. Зорка з зоркай
Пачынаюць шэпт-гаворку.
За сцяною чую шолах:
— Адчыні — я друг, не вораг.

Ціха дзверцы адчыніла.
— Дзе ты, Янка? Дзе ты, мілы?

Месяц свеціць. У мігценні
На палыні граюць цені.
Спіць сабака ў цёплай будцы,
Кветкі яблыні трасуцца.

Па расе слядоў не бачу,
Сніла сон такі, няйначай.

Вільня, 1913 г.