Збор твораў (Бядуля, 1937)/III/Ты слязамі і крыжамі

Сухавеі *** Ты слязамі і крыжамі
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
У зімовую ноч
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ты сьлязамі і крыжамі…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ты слязамі і крыжамі
Адзначаў пакутны шлях.
Гнаўся голад, гнаўся холад,
За табою гнаўся страх.

І старыя, і малыя
Уцякалі хто куды,
А пажары на абшарах
Нарабілі шмат бяды.

Ад краіны да краіны
Разбрыліся ўцекачы.
Стогн нядолі ў пустым полі,
Стогн удзень і па начы.

І баракі для прымакаў
Будавалі ў гарадах.
І капалі дзе папала
Долы-ямы ў пустырах.

Маці лямант па-над ямай:
„Ой, і жыў ты, як не жыў…“
Эх, занадта, забагата
Тут раслі твае крыжы…

А мацнейшы, адбарнейшы
У акопах дзесь гніе.
Па ім кулі спевы-гулі
Там заводзяць на вайне.

Менск, 1917 г.