Збор твораў (Бядуля, 1937)/V/Раніца кінула казку ў дно мора

Пайду Раніца кінула казку ў дно мора
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Бакланы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Раніца кінула казку ў дно мора.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЙДУ…

Пайду у самоць пад хрып, пад хруст прыбрэжжа;
На кій вандроўны там бамбук я зрэжу.
У агнехмельнай радаснай бядзе
Маё каханне — чайкаю ў вадзе.

Пайду ў задум пад шэпт, пад песню пальмаў,
Дзе смех дзявочы асалодай паліць,
Дзе кіпарысы сталі ў стройны рад,
Дзе дзень у дзень злуецца водаспад.

Ён малаткамі звоніць у граніты,
Ён дражніць горы стукам стокапытным,
Ён на абвал плюе разбітым шклом,
Ён чыніць бесчын срэбраным агнём.

Пайду я ў ноч, у шоўк пахучай мгліцы:
Дзе знікла з даляў спелая зарніца,
Дзе постаць мілай тоне паміж дрэў,
Дзе на вяршынах дзень стары згарэў.

Яна прышла насустрач маім ласкам.
Яна прышла, як лятуценне з казкі.
У радасць рынем з ёю да зары,
Бы камень адарваны ад гары.

З глухіх цяснін пацягне роснай стомай.
Яна мне кіне ў грудзі соладзь стогнаў,
Заслепіць белай музыкай зубоў
І скажа свой жаночы забабон:

„Прыбой сягоння гэткі непакорны…
Вунь два чаўны згубіліся на моры…
Як непрытульны дрэвы ў гэты час.
Цалуй мацней, цалуй апошні раз…“

Задзівіць поўнач месячным спакоем,
Заслепяць цені смугла-сінім строем,
Зайграюць зоркі залатым аўсом,
Спадуць на чорны сполах валасоў.

„З табой, з табой паеду ў Беларусь я!“ —
І я ў вачах бяздоністых таплюся,
А броўкі коляць цёмнай астрынёй.
Яна дрыжыць галінкай маладой…

Гагры, 15/III 1926 г.