Збор твораў (Бядуля, 1937)/V/Свае ночы і дні я развеяў

Ідзем у горы Свае ночы і дні я развеяў
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Бродзіць вецер
Іншыя публікацыі гэтага твора: Свае ночы і дні я разьвеяў…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СВАЕ НОЧЫ І ДНІ Я РАЗВЕЯЎ…

Шумяць грозныя шквалы сівыя,
Кожны з іх мяне глынуць гатоў.
Свае ночы і дні я развеяў
У віхуры пявучых гадоў.

Я рассыпаў вянкі гучных вёснаў,
Я дзіцё лепясткі з васілька,
Нібы ранне на луг сее росы,
Бы дукаты — гулякі рука.

Замест вогнішча грэўся я песняй —
Доўгі верш на працягу шмат лет.
У прасторных палях было цесна,
Хоць у сэрцы я меў цэлы свет.

Смутак вэлюмы ткаў нада мною,
Годы тыя ўжо рынулі ў цьму.
Штось крывавіла сэрца тугою,
Ліха знае — навошта, чаму…

І маркоціла думка ў паўночы,
І скрабла, нібы мыш у кутку.
Нейкі болеч туманіў мне вочы,
Бы шмат год я вісеў на суку.

Гэта стогн, гэта боль „нашаніўства“,
Яго рэха не змоўкла яшчэ.
Трэба вырваць з карэннем імглістым,
А то смагаю грудзі пячэ…

А сягоння ўжо смутак не ў модзе,
Ён схаваўся пад вэлюмы сноў.
Спеюць гімны аб шчасці ў народзе,
Матка горда глядзіць на сыноў.

Я закінуты ў далі вандроўца,
Я пайшоў з беларускіх палёў
Да каўказскага яркага сонца,
Да абхазскіх куткоў, берагоў.

Я пайшоў да арліных надгор‘яў,
Дзе буяе, цвіце вінаград,
Каб з мядовых і гучных прастораў
З новай сілай вярнуцца назад.

„Нашаніўскія“ болі залечу,
Пачну новыя творы пісаць.
Было доўга атручана сэрца,
Дык ці сэрца я выкіну псам?

Непрывычнае вуха палохаў
Грозны гуд непрывычных вятроў.
У душы я нашу дзве эпохі,
Іх гадуе гарачая кроў.

Між сабою не ладзяць, не дружаць,
Не спляцеш у адзін карагод.
Як агністыя нейкія ружы,
Паліць грудзі іх спенены ход.

Між сабою не могуць мірыцца,
Нібы пламень з халоднай вадой.
Адганіце былую зарніцу,
Дайце месца зарніцы другой.

Як пчала на салодкія кветкі,
Я кідаўся на мёд — за красой.
Я спяваў ля сялянскай паветкі,
Аздаблёнай жамчужнай расой.

Аб мінулых далёкіх пакутах,
Аб змаганні лясных партызан
Я мазольнаму шчыраму люду
Сваё шчырае слова казаў.

Я збіраў часам думкі ў „народа“.
О, памылак было гэтак шмат!
Без разбору ўсё йшло нейкім збродам.
Без разбору — ці вораг, ці брат…

А бывала люд марыў аб зорках,
І сны-казкі па хмарках плылі:
Прамяняў ён пра неба гаворкі
На сталёвыя песні зямлі.

Калі стогны былі, дык аб волі,
Былі думкі аб будучых днёх.
Нібы сокал, ён сэрцам саколіў,
Быў ён свеж, як абвеснены лог.

Як пралеска з-пад снежнае гурбы,
З-пад сівізны мінулых вякоў
Былы раб вышаў вольны з загубы,
Паглядае на свет юнаком.

Гагры, 10/II 1926 г.