Туман коціцца ў даліне,
Змоўкла птушка на галіне,
Гарыць шапка на сасонцы,
То за лес заходзіць сонца.
На паляне млеюць цені,
Там расінак мігценне —
Тут-жа блізка каля рэчкі
Бягуць сытыя авечкі.
За авечкамі ў дагонку
Хлопчык смаліць пугай тонкай,
Такі спрытны пастушок,
Раз, два „ф‘ю-ф‘ю“ у свісток.
А за ім пад касагорам
Ідзе-крочыць крокам скорым
Падарожнік адзінокі,
Такі статны і высокі.
На спіне яго хатулка,
То падскочыць, стукне гулка
Цвёрдым ботам аб каменне,
То зірне на загуменне;
То задумным вокам кіне
На старую на хаціну, Дзе на шыбе залатой
Сонца дзень спаліла свой.
Колькі год таму ўжо будзе,
Як у свет пайшоў у людзі,
Як паехаў шукаць хлеба,
Як пакінуў хатку, глебу
І бацькоў старых у горы.
Доўга жыў дзяцюк за морам —
Так абрыдла ў тым Бастоне,
Там народ бядняцкі стогне.
Захацелася дахаты,
Дзе матуля, родны тата.
„Вось і бацькаўскі загон…“
Аж слязу пускае ён…
Тут прывольна так улетку
На пахучых на палетках.
Вабіць поле хлебароба,
Дзіўна хмеліць краска бобу
На гародзе. Верабейкі.
Спеў гармоніка, жалейкі.
„Эх, мая Ганулька, дзе ты?
Пры грашох я ды адзеты.
Мабыць вышла за другога,
Небагаты прэч з дарогі!
Што мне грошыкі мае
Без дзяўчыны, без яе?“
„Адрываў з пітва ды ежы,
Працаваў там як належыць.
Грош ад грошыка ні ў прочкі —
Вось сямейка з адзіночкі.
Хату новую збудую,
Дзесяцінку і другую
Прыкуплю да гаспадаркі,
Будзе хлеб і будуць скваркі,
Тата з маткаю ў пашане
Пачнуць жыць у лепшым стане. Ці спазнаюць хоць бацькі?
Не скажу ім хто такі…“
„Пэўна, вочы ў іх — не вочы,
Будуць радасці удвойчы.
Аж хваліцца пачне тата:
Жарты — сын такі багаты
А матуля па суседках
Будзе баіць нават дзеткам,
Што Ягорка сын удалы,
Назапасіў ён нямала.
І гаворкі-пагалоскі
Рэхам пойдуць з вёскі ў вёску.
Я пазваць гасцей рашыў,
Пачастую ад душы“.
Вось і хатка… Сціхні сэрца…
Адчыняе з рыпам дзверцы…
Іншы голас, асцярожны:
„Пераспаць у вас тут можна?“
„Мы людзей не выганяем.
Чым мы можам, тым прымаем!“ —
Чуе голас ён старэчы,
Голас маткі, — „толькі нечым
Частаваці. Пуставата,
Кажу шчыра, наша хата“.
„Ты адна, ці ёсць дзядок?“
„Вышаў толькі што ў лясок“.
Лезе ў сэрца голас маці,
Захацеў сын абыймаці
Пры такой яе гамонцы
І сказаць: матуля… сонца…
Я так рады і шчаслівы,
Што вы цэлы, што вы жывы…
Але — не! Цяпер не варта,
Пачакаю лепш да заўтра.
Пагляджу вось як жылі тут,
Гаспадарку як вялі тут. Не спазнала ані-ні.
Сэрца ў радасным агні.
„Дзякую за шчыры словы!
Я і сыты і здаровы.
Аж да заўтра хопіць дыхту.
Штось не бачу маладых тут…
Ці-ж няма дачкі на старасць
На падмогу і на радасць?
Альбо сына маладога,
Працавітага якога,
Хто да самай да магілы
Шанаваў-бы вашы сілы?
Мне вас шкода, даліпан!“
Скінуў клунак на тапчан.
Хату госць абводзіць вокам.
Да стала прысеў ён збоку.
А бабулька горбіць плечы,
Бы з гары, злязае з печы.
І пры гэтым з крэхтам горкім
Пра сынка вядзе гаворку:
„Нецікавыя часіны
Не давалі жыць тут сыну,
Хлеба-солі было мала
І дзіцятка галадала.
Вось і будзе ўжо шмат лет,
Як пайшоў Ягорка ў свет“.
„Ён цяпер амерыкантам,
Абадранцам альбо франтам.
Штосьці нас забыў саколік,
Мо‘ не вернецца ніколі.
Ні лістоў і ні паклонаў.
(Прымасцілася на ўслоне).
Вось уцехі мае многа
Ад дзяцей сваіх убогі,
Грэюць, няньчаць маткі грудзі,
А як выйдуць дзеці ў людзі, Пакідаюць для пакут
І бацькоў і родны кут“.
Вочы хусткай трэ старая.
Вось дзядок вярнуўся з гая.
На гасця ён лып вачыма.
„… Ці знаёмы? Немагчыма…
То здалося мне няйначай.
Мабыць вока кепска бачыць:
Госцік мае падабенства
Да Ягоркі, што з маленства
Ў свет пайшоў…“ І незвычайны
Госць стрымаўся… Ледзь змаўчаў ён…
Азірнуўся на бакі.
„… Будуць заўтра знаць бацькі…“
На акенцы сонца згасла,
Лічыць грошы госць тым часам:
Робіць гэта ён наўмысне —
То зазвоніць, то заблысне.
Дзед на цуд сюды прызваны,
Дзед глядзіць зачараваны.
Грошай звон — у сэрцы гранне.
Грошай бліск — у сэрцы ззянне. „Эх, на старыя на леты,
Кабы меў я грошы гэты!..“
У вачах злы аганёк.
Вострым локцем — жонку ў бок.
Думкі — ночныя зладзеі, —
Думкі — чэрці-ліхадзеі —
У глузды старога дзеда
Лезлі новым цёмным следам.
З гэтай справы ды ці мала
Людзей згінула, прапала.
Як зазвоняць звонам грошы,
Як захмеліць хмельны коўшык,
Як пачнуць сваё ігрышча, —
Пападзеш у іх багнішча. Дзед не крыўдзіў нават мух,
А папаўся ў вірны рух.
„Грошы мне на гвалт патрэбны“.
Смак іх хмельны, смак іх хлебны
Так завабіў, што дзед сівы
Аж спалохаўся ад дзіва.
„Што мне грошы, што багацце,
Доўга ўжо ці буду ў хаце.
Вось сыночак мой, Ягорка,
Недзе ў людзях жыве горка.
З яго здзекуюцца, чэрці.
Ён напэўна церпам церпіць.
Я гатоў пайсці на грэх…
Для сынка спрабую… Эх…“
„Мо‘ дадому прыдзе хутка,
Дык жыццё паправіць тутка.
Адсапнецца ён ад мукі,
Адпачнуць ад працы рукі.
Як ніколі, як ні разу,
Пажыву я з сынам разам.
Я быка куплю, карову,
Трэба новыя нарогі.
Ды з пяток свіней, авечак.
Богу дам я пару свечак.
Маю-ж сына аднаго —
Для яго ўсё, для яго…“
Госць, злажыўшы грошы ў жмені,
Сунуў кучамі ў кішэні.
Раз, другі зяўнуў на лаве
І прылёг. Камарык жвавы
Гуў, звінеў над самым вухам.
Падарожны што ёсць духу
Захрапеў пад старым „спасам“.
Дзед, бабулечка тым часам
Не збіраліся йшчэ легчы,
Штось шукалі каля печы. Зашапталі, прыляглі,
Болей шэптаў не вялі.
II
Туман коціцца ў даліне,
Птушка дрэмле на галіне.
Зоркі-кропкі на паперцы.
Месяц — хмаркавае сэрца.
Дрэмле рэчка — рэчка млява.
Месяц сінь яе крывавіць.
Лес маўчыць. У лесе цені
І галінак дрыгаценне.
Вядуць шэпты ветрык з мгліцай.
Птушка піскнула: штось сніцца
Аб нябеснай вышыні,
Аб зямельнай цішыні.
Вось і поўнач б‘е ў акенцы,
Певуны пяюць у сенцах.
Месяц пляміць сцены, лавы.
І свярчок тут бавіць бавы.
Госць натупаўся так сёння,
Балабочыць ён спросоння,
Душыць цяжкае паветра.
Таракан на сценцы светлай
Тырк цянюткім вусам-голкай.
Раптам госць расплюшчыў вока.
Зноў сапе, як паравік.
Не пачуе — хоць даві.
Блізка мыш скрабе па сценцы,
Кот цікуе на паленцы.
Зоркі з неба зірк праз шыбы.
Дзед на печы: „эх, зажыў-бы!“
Ціха, спрытна нож ён точыць —
І чатыры злыя вочы
Стуль глядзяць кашачым зрокам,
Прабіваюць скруткі змрокаў, У вачах агонь зялёны,
Дзед і баба непрытомны.
Баба — злая. Дзед, як звер,
Нельга іх пазнаць цяпер.
Вось абое крокам скрытным,
Крокам ценяў, крокам спрытным,
Як-бы ў прысядкі-забаве,
Падыходзяць да той лавы,
Дзе спіць госць чамусьці ў світцы
У куточку пад бажніцай.
Нож бліскучы у дзядулі,
Серп, як месяц, у бабулі.
Дзед гасця — нажом у грудзі,
І сказаў: „няхай так будзе“…
А бабуля тырк сярпом:
Кроў — гарачым ручаём.
Дзецюка і стогн адзіны
Не чуваць быў у хаціне.
Ціха ён у сне бяспечным
Перайшоў у сон той вечны,
Дзе ніколі не прачнецца
І на кліч не адгукнецца.
Дзед і баба — душагубы —
Труп схавалі ў яме з бульбы,
Доўга з лавы кроў змывалі.
І маліцца абяцалі
Да апошніх дзён жыцця
За душу свайго гасця.
III
Туман нікне па даліне,
Пяе птушка на галіне.
Грае сонца на усходзе:
„Пясок свежы на гародзе…“
Над гародам тым жаўронкі
Пачалі свае гамонкі:
„Цірлі — злы і цірлі — злая: Нешта знаем… Нешта знаем…“
„Ку-ку! Ку-ку!“ над агрэстам:
„Знаю нешта… Знаю нешта…“
На пяколку дзед ляжыць,
Лічыць грошы і дрыжыць.
Бабка рупна, бабка жвава,
Сала скварыць, есці варыць.
Між сабою ані слова.
За дзвярыма: „Гэй, здарова!“
Хтосьці крыкнуў у камору.
„Пахвалёны!“ — хтось гаворыць.
І дарослыя і дзеці —
Ўсе сюды. Няма дзе дзецца.
Паглядаюць асцярожна.
„Дзе ваш госць?“ — пытае кожны. —
„Што дзядок на печы змоўк?“
„Дзе схаваўся ваш сынок?“
„Мо‘ зрабіўся нейкай цацай
І не хоча з намі знацца?“
„Не ў спадобу за абедам
Пазюзюкаць тут з суседам?“
„Ці ён стаў такім багатым,
Што прыкажа выйсці з хаты?“
„Жарты-жартамі, а дзе ён?
Вось якраз-жа і нядзеля…“
— Ці то сын наш? — дзед аж крыкнуў.
Бабка лыпіць вочы дзіка.
На гародзе незнарок
Знайшлі свежанькі пясок…
IV
Туман згінуў у даліне.
Пяе птушка на галіне:
Глядзіць сонца дабрадзеем.
Лес шапоча: „знаю, дзе ён!“
Сыплюць пэрлам роскі ночкі:
„Во слядочкі! Во слядочкі!“ Жвір-пясок лапата рэжа.
„Гэй, скарэй-жа! Гэй, скарэй-жа!“
Крык і шум і адгалоссе:
„Вось ён! Вось ён! Вось ён! Вось ён!“
У людзей і гнеў і злосць:
„Гэта сын ваш! Гэта госць!“