Палескія байкі Палескія байкі
Паэма
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ярыла (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XIV
З ПАЭМЫ „ЯРЫЛА“

Вяселле

правіць

ВЯСЕЛЛЕ

Неба млела над раллёю,
Над матуляю-зямлёю.
Цёмна-светлым, дзіўным зрокам
Паміж светам, паміж змрокам
Сонца з месяцам гулялі
Ў яркай сіні, ў сіняй далі.
Пад кудзелямі туману
Каля крушні ля кургана,
Пад зялёным дубам-дрэвам
Дзецюка сустрэлі спевам.
Ён стаяў тут адзінокі,
Задуменны, сінявокі.
І сказалі: ўстрапяніся,
На свет вольны азірніся.
Тут усё тваё навекі —
Для цябе — для чалавека.
Закрасуеш краскай вечнай.
Гэй, сустрэчны-папярэчны,
Абдаруй хлапчыну скарбам,
Аздабляй сакола фарбай,
Вешчай думкай, вешчым словам
Адчыняй жыцця заховы!


*

Паясок дала заранка,
Крэмень з крэсівам — маланка,
Прычасаў вятрок кудзерцы,
Сонца кроў хмяліла ў сэрцы,
Ясны месяц ззяў у вочы. —
Было светла сярод ночы.
На даліне ля дарогі
Рэчкі мылі яму ногі.
Поле грудзі гартавала,
Пушча плечы сталявала.
Дала сілу маці-глеба,
Дала хлеба і да хлеба.
Лета радасць і вяселле
Дала хлопцу з мёдам хмельным.
Зіма сцежкі слала пухам,
А вясна зялёным птухам
Над хлапчынай заспявала.
Восень клікала на балі.
І вятры яго паднялі
На нябесныя крышталі,
Дзе мігцелі краскі-зоркі
На аблочных на пагорках.
Там яго сустрэла Песня
Добрым словам і пачэсным.
Песня — гожая дзяўчына —
Там сустрэла такім чынам:
З граннем гусляў, з хмельным мёдам,
З быллю, казкай, з карагодам.

*

І сказалі месяц-сонца:
— Калі хочаш у старонцы
Лічыць беднасць за багацце,
Жыць пад небам, як у хаце, —
Ажаніся з нашай песняй,
Будзе свет табе не цесны.
У пасаг ты гуслі тыя —
Самаграйкі залатыя —
Сабе возьмеш назаўсёды.
Ты ў пагоду-непагоду
Будзеш пець і будзеш граці
І будзіць зямельку-маці.

*

І сказаў дзяцюк малоды:
— Я без племені, без роду,
Ці дастойна мне з дастойнай
Разам жыць, як роўны з роўнай?

*

І сказалі сонца-месяц
Пяць разоў, а мо‘ і дзесяць
Дзецюку адно і тое:
Ажаніся, хлопец, з ёю!
Ажаніся з ёю тутка.
Мы вяселле зробім хутка.
Краса Песня — наша дочка —
Бач, табе міргае вочкам.
Песня — ясная, як неба,
Песня — простая, як глеба.
То не панская дачушка —
Наша дочка-весялушка.

*

І сказаў дзяцюк-малойца
Ім на гэта сваё слоўца:
— Карак я ў паноў скалечыў,
Дык ці будзе мне дарэчы
Граць на гуслях, з Песняй жыці,
З ёй гуляць на полі ў жыце.
Я не буду ёй па сэрцу,
Месяц-сонейка, паверце!

*

Разліваліся ў гармонцы
Ў шчырай праўдзе месяц-сонца:
— Не бяда тваё калецтва,
Памачніцу будзеш мець ты
Аж да самай да магілы:
Ажаніся з Песняй мілай!

*

І дзяцюк зірнуў на краску,
На дзяўчыну, з шчырай ласкай.
Палыхалі вочы, сэрца,
Палюбіў яе да смерці.
І дзяўчына, нібы зорка,
Хлопцу ў вочы без гаворкі
Паглядзела, пагадала:
Ён разумны, ён удалы,
Выйдзе любы мой у людзі —
Гусляром ён слаўным будзе.

*

Ззялі вочы, як зарніцы.
Маладзенькая ў святліцы
Расплятала косы-шоўкі,
Па звычаю слоўкі смутна
Гаварыла: — Вось загана —
Выхаджу я замуж рана.
Апранула саматканкі,
Вышываныя заранкай,
І гарсэцік з аксаміту,
Стужкай з зорачак абвіты.
Шыйку зграбна аздаблялі
З росных пацерак каралі.
Фартушок-кавалак снегу,
У палях-лясах бялеў ён,
Вышываны ў журавіны
Для красуні для дзяўчыны.
І вянок быў на галоўцы,
Нібы з красак сплялі сонца.
А на твары з агняцветаў
Яркі вэлюм кволай сеткай.

*

Доўга прасніцы шумелі,
Доўга кросны шапацелі,
Доўга колеры і фарбы
Тут шукалі, нібы скарбы.
Выдумляліся узоры.
Іх шукалі спаміж зорак,
Спаміж неба пажарышчаў
Ды вясёлкавых ігрышчаў,
Спаміж розных травак дзікіх,
Спаміж ягад невялікіх.
Выдумляліся украсы.
Іх шукалі раз за разам
Сярод птушчыных заховаў,
На іх пер‘ях каляровых,
Ці на дробных жвавых пчолках,
На мятлічках, як вясёлкі.
Выдумляліся малюнкі —
Ручнікам на візарункі.
Пад жывою пад вадою
Іх шукалі грамадою
Паміж рыбак, паміж плотак,
Паміж шумных ачаротаў,
Іх шукалі ў сіняй далі,
Іх дзяўчаты нашы ткалі.

*

Маладая ўсіх, як трэба,
Частавала соллю-хлебам,
Нізка кланялася людзям.
Эх, вяселле тутка будзе!
І падружкі заспявалі
На вясельным гэтым балі:
— Два саколы заляталі,
На акенца селі-палі,
На акенца той святліцы,
Дзе нявеста, дзе зарніца,
Веснавой красою ззяе,
Нібы кветка веснавая.
Запыталі ў краскі мілай:
— Ці матуля блаславіла?
— О, матуля блаславіла,
Як на шчасце спарадзіла.

Дзед-маршалак жмурыў бровы,
Прамаўляў мядовым словам:
— Сціхні, звонкая музыка,
Хай замоўкнуць гусляў зыкі,
Хай чакаюць скрыпка, дудка
І вясёлая пагудка.
Перастаньце есці, піці,
Перастаньце весяліцца
Не на цэлую гадзіну —
На кароткую хвіліну.
Вы паслухайце бяседу —
Пару слоў сівога дзеда.
То не я прашу вас, госці, —
Маладыя гэта просяць.
Блаславіце іх, шануйце,
Долю светлую віншуйце,
Каб на шчасным, добрым, месцы
Маладым галубкам сесці!
— Бласлаўляем! Бласлаўляем! —
Нібы ветру шэпт над гаем.
Адбылося баляванне
Трое ночак, трое ранняў.
Многа мёду выпівалі,
Многа танцаў танцавалі.
І давалі падарункі:
Поўны куфар, поўны клумкі.
З лірай вешчай, гучнаструннай,
У аўчынах сіварунных,
На аблоках беламлечных,
Каля брамы людзей стрэчных
Месяц-сонца сустракалі,
На гулянне заклікалі:
— Гэй, да нас, да нас у госці,
Дабрадзеі, ягамосці!

*

Едуць-едуць маладыя
У шацёры залатыя.
Ад нябёсаў да зямліцы
Доўгі, роўны шлях мігціцца.
Глянь уверх — абрус блакітны,
Глянь уніз — дол аксамітны.
Едуць-едуць маладыя
У шацёры залатыя.
— То хацінка, не шацёры, —
Маладой дзяцюк гаворыць.
— Не бядуй, у тваёй хаце
Будзе гуслева багацце.
Ты без грошай, без дукатаў
Будзеш шчасным і багатым.
І харошая малжонка
Вядзе гутарку-гамонку:
— Між аблочных між карунаў,
На гуслярскіх чулых струнах.
Аб тваёй жыццёвай сцежцы
Раскажу табе нарэшце.
У гуслярскіх гуках-граннях
Лёс далёкі твой схаваны.
Тваіх песень адгалоскі
Разыйдуцца з вёскі ў вёску.
У сялянскай беднай хаце
Замігціць тваё багацце.
Твая песня ў цэлым краі
Скліча парабкаў-ратаяў.
Пры рабоце ў ліхалецце
Твая песня адгукнецца.
Макам дробным брыльянтовым
Парассеецца ў дубровах,
Пры звярыных панскіх здзеках
Дасі радасць чалавеку.
Ты прыгонніку у грудзі
Кінеш песню ў светлым цудзе,
Сыпнеш віхры дум бязбрэжных,
Дум агнёвых і мяцежных —
І нявольнікі ў палацы
Рынуць волю здабываці.
Глядзіць молайцу у вочы,
Долю-лёс яму прарочыць:
— Люд вандроўны ў бездарожжы
Песняй шчырай заварожыш.
Як на крыллях лебядзіных,
На адгуках песень дзіўных
Будзе ён ляцець жаўронкам
Па усіх кутках старонкі.
Ці у радасці, ці ў муках —
Будзе люд купацца ў гуках.

*

І малодка далей кажа,
Бы вянок той пляце-вяжа:
— І людское ўсё хаценне,
Сэрца шчырага імкненне,
Заяскравіцца крыніцай,
Нібы пацеркі на нітцы,
На гуслярскіх струнах-чарах.
З струн па полі, па абшарах
Сойдзе росным карагодам
Ад народу да народу.
Сыпнуць спевы з гусляў чулых —
На сто міль народ пачуе.
Пойдзе песня лесам, лугам,
Як віхор, закружыць кругі.
І пры вогнішчы начлежным,
Ля бярозы беласнежнай,
Каля рэчкі, каля гаю
Песню шчыра заспявае
Сінявокі хлапец з вёскі.
Зажурбуецца бярозка.
Будзе слухаць на даліне
Песні шчырыя дзяўчына.

*

І малодзенькая краска
Вяжа, бае сваю казку:
Да гуслярскіх гучных спеваў,
Што зайграеш ты пад дрэвам,
Гаварыць пачнеш казанне,
Думу шчырую да грання.
Будзеш думкі прасць, як праха,
Будзеш думкі ткаць, як ткаха,
Дыванамі, паясамі
Ды зарніцы паласамі.
Лёгкакрылую частушку
Пусціш птушкаю-пяюшкай
Над кудзерцамі гушчараў,
Над грудзьмі палёў, папараў.

*

І твая частушка-песня
Ўсюль жаданы госць пачэсны, —
Ёй араты заварожан,
Ёю — жаўранкам над збожжам;
Б‘е галінаю ў аконца,
У павуцінне валаконца,
Лезе дзеўчыне на кросны
Васільком сінявым росным;
Нібы ветрык беспрымусны,
З шчыр-дзявочых звоніць вуснаў.

*

І твая частушка-дзіва
Зернем ядраным на ніве
Будзе сеяцца-кружыцца
Ад мяжыцы да мяжыцы, —
Ў баразну з насеннем ляжа.
О, шчаслівая зямля-жа! —
Спевам-дзівам апляцена,
Нібы кужалем бялёным,
Нібы ўсход ды зараніцай,
Мох вільготны ды брусніцай.

*

І твая частушка-кветка
Зацвіце узімку-ўлетку
Ад кургана да кургана
Шумным вечам веліканаў,
І запоўніць спевазвонам
Поле, лес, шнуры, загоны.
І захмеліць перунамі
І мяцежнымі агнямі
Дні і ночы год за годам
Сэрца беднага народу.

*

І красуня кажа слоўка,
За прымоўкаю прымоўка:
Ці то дзяцел робіць грукат?
Ці зязюля кажа „ку-ку“?
Ці будуецца будова?
Ці шуміць барок хваёвы?
То па кузнях грук грымотаў,
То жалеза абмалоты.
Молат раз і два ў жалеза,
У жалезны воск ён лезе,
Лезе зубам гартаваным
І галоўкай сталяванай.
Гэй, стучы, каваль, па сталі,
Каб усе да працы сталі!
Кінь ты вугаль цвёрды, чорны,
Кінь на попел, кінь на горны!
І мяхі ды скураныя
Раздувай, каб рукі нылі,
Заяскравіцца тут промень,
Пойдзе злосна ў чорны комін.
І жалезны прэнт нарэшце
Мяккім зробіцца, як цеста;
Куй ланцуг такі, як трэба,
Ад нізін зямлі да неба.
Гарт сталёвы навядзеш ты,
Ланцугом тым закуеш ты
Гуслі молайца Ярылы,
Што пад небам сінякрылым
Песню носяць лёгкім птахам
Над вясковым шэрым дахам.
Словы песні гэтай смелай
З неба падаюць, як стрэлы,
І трапляюць простым людзям
Песні-стрэлы ў сэрца, ў грудзі.
Люд збіраецца ў мяцежы
І на пана праўду рэжа.
Адкідае забабоны,
Кліча сходкі люд прыгонны.
Ён пускаецца ў дарогу
Супроць пана, супроць бога.
Задушыце песню тую —
Цэлы свет яна збунтуе.
Але гуслі, гуслі ўсюды
Сеюць песні, твораць цуды,
Не баяцца пана-ката,
Ланцугоў, жалезных кратаў,
Граюць з ветрам на раздоллі.
Гэй, лавіце ветра ў полі!

*

І нябесная дзяўчына
Сказ звязала такім чынам:
Тваё племя — песні-кветкі,
Люд па вёсках — твае дзеткі.
Лес — твой бацька, поле — маці.
Цэлы свет — тваё багацце.
Замест жонкі, замест мілай
Аж да смерці, да магілы
Маеш гуслі — не забава.
Грай на дзіва! Грай на славу!

*

Аддала Ярылу гуслі,
Цалавала моцна ў вусны
Песня — мілая красуня.
Было радасна і сумна.
Як дзіцятка, палажыла
На мяжу свайго Ярылу.
Узнялася зноў за хмары,
На нябесныя напары,
На зарніцы пажарышчы,
На усходняе ігрышча.
Як той лебедзь замільгала,
Заблішчэла зоркай малай.
Нібы ў поле з аксаміту —
У няясныя блакіты
На здзіўленне ўткнулі лоўка
Шпільку з залатой галоўкай.

*

У апратцы зелянівы
Над пшанічнай коўдрай-нівай,
Над далінаю, над гаем
Ясна раніца гуляе.
Над кудзернай галавою
Высачэзнай стройнай хвоі
Яркасіні шоўк мігціцца
Акаймлёны зараніцай.
На высокіх стромкіх соснах
Сонца тчэ на срэбных кроснах
У хвіліну — ў вокамгненне
Яснацветныя праменні.
Ходзіць раніца ў разлогі,
Па расіцы мые ногі;
Дзьмухне ветрам па асіне,
Цягне шоўк празрыста-сіні.
На шаўковых нітках тонкіх
Сотні дробненькіх жаўронкаў
Як зазвоняць у званкі там;
Над лагчынай, над ракітай —
Качка дзікая у рэчцы
Шэрым крыллем страпянецца.
Бродзіць раніца ў абшарах,
Па далінах, па імшарах,
Будзіць траўкі, будзіць кветкі:
— Уставайце, малалеткі!
Вам гатова ўжо на ранне
З росак-кропелек сняданне!

*

На мяжыцы пад калінай
Спіць Ярыла. А галіна,
Нібы пальцам зачапіла
Струны гусляў з усёй сілы.
Струны войкнулі жывыя,
Загулі, як пчолы тыя,
Задрыжэлі, затрасліся:
— Гэй, Ярыла-друг, прачніся!
Ён прачнуўся. Што за з‘ява?
Ці то сон? Ці гэта ява?
Няма дзеўчынкі прыгожай —
Засталіся сляды ножак.
Рваў Ярыла кветкі-руты,
На сляды ён клаў у жмуты,
Каб адціскі пальцаў, пяткі,
Ножак беленькіх пячаткі
Звер і людзі не тапталі
Тут на роснай на крышталі.

Дзяльба

правіць

ДЗЯЛЬБА

Быў дзяцюк яшчэ падпаскам,
Як памёр дзядок Панаска.
Дзед памёр і родны бацька
Гаспадарку з родным дзядзькам
Падзяліць не мог спакойна.
Пайшлі бітвы. Пайшлі войны
За гародзік, за кароўку,
За цабэрак, за вяроўку,
За бярвенне на гумнішчы,
За саху, за тапарышча.
Два браты дабро дзялілі,
Як чужыя, гаманілі.
Брату брат — заядлы вораг.
У вачах дыміўся порах.
Малацілі языкамі
Ды схапіліся рукамі.
І пайшлі платы ламаці,
Вокны біць у роднай хаце.
Было крыку, было грэху
Для суседзяў на пацеху.
Моцна біліся і лоўка,
Аж трашчалі ў іх галоўкі.
Кроў цякла, рыпелі косці,
Браты вылі з дзікай злосці.
Два браты дабро дзялілі.
Было шуму на тры мілі.
Вось схапіліся зубамі
Для суседзяў на забаву.
За авечку за рабую,
За цялушку за малую
Брата брат гатоў забіці,
Нібы шэльма, нібы гіцаль.
Вы не смейцеся тут, людзі,
Зараз ліха, гора будзе.
Мо‘ абліць братоў вадою,
Бо няшчасце будзе ўдвое.
Дзве ўдавіны, шмат сіротак,
Нібы кучы дробных плотак,
На бяду тут застануцца.
Іхню долечку ратуйце!
Хай агнём ідзе багацце —
У нялюдскай гэтай хаце!
А суседзям ды на радасць
У братоў да бойкі жвавасць
Угару расце, як стог той,
За авёс той, за гарох той.
За цыбулю ды за пеўня —
Аднаму тут смерць напэўна…
Хай-бы жыў дзядок Панаска,
Сваёй смерцю мала ласкі
Ён зрабіў сынам ды родным,
Ці хто годны, ці не годны.
І браты адпачывалі —
Ды нанова пачыналі
Бой за лыжку і за пугу,
Як шалёныя звяругі.
А суседзі: ой, цікава
Чым-жа скончыцца тут справа?
Дайце мераць вокамерам,
Можна думаць, можна верыць,
Будуць труны дзве патрэбны
Для братоў у портках зрэбных.
А два долы, а дзве ямы
Зараз выкапаюць самі.
Вось качаюцца ля плоту
З азвярэлаю ахвотай.
І насамі глебу рыюць,
Грэе брата брат па шыі.
Раптам новае здарэнне
Звяло родных да змірэння:
Задымілася ў абшары —
То гумно пайшло пажарам.
За гумном — хляўчук і хата,
І скаціна і зярняты.
У агнёвым дзікім балі
Зноў браты сябрамі сталі.
— Эх, лучына, ты лучына,
Ты была агню прычынай!
Памагала пры дзяльбе ты! —
Плачуць бедныя кабеты. —
Як за новую за працу
Пры бядзе пры гэтай брацца?
На зіму схавацца недзе —
Злітаваліся суседзі: —
Лазню курную крывую,
Лазню чорную, старую
Аддалі на зімаванне,
Двум братам на жабраванне.
Вось браты пайшлі ў жаброўку
Пад людскія дзверы, вокны.
Былі торбы іх няпоўны,
Было ў лазні дзетак поўна…
І пад снежнай завірухай,
Пад зімовым белым пухам,
Пад марозным грозным ліхам
Браты марылі паціху:
— Эх, каб хата… Печ у хаце
Ды не трэба нам багацця…
Ды нашто было сварыцца?
Ды нашто было дзяліцца?
Уначы пад гул віхорны
Снілі сны у лазні чорнай.
Сны, як ластаўкі, ляцелі
Над іх цвёрдай над пасцеллю:
… А пасля калядаў лютых,
Лёдам-сіверам закутых,
Два браты пайшлі ў сасоннік,
А сасоннік ім спрасоння:
… Палясоўшчыкі з пахмелля
Ды на воўчае вяселле
Як натрапілі, папалі,
Дык ваўкі іх разарвалі.
Насталюйце вы сякеры
І давайце хвойкі мерыць,
Хвойкі стромкія на сцены.
Вы пацейце, як пацелі.
… І сякеры сталявалі,
І сякеры гартавалі.
У мароз, мароз траскучы
Йшлі браты у бор дрымучы.
Эх, як пахне свежай хвояй
І жывіцаю-смалою.
Эх, блішчыць піла на сонцы,
А сякеры па сасонцы
Трах і трах, аж люба, міла.
Эх, каб больш нам, больш нам сілы.
І паваленыя пнішчы
Давай мерыць тапарышчам,
Тапарышчаў сем — гатова
Пень-калода для будовы.
Сніўся сон у лазні цеснай.
Сон — як сонца, сон — як песня.
У мароз, мароз траскучы,
Трэлявалі бэрвы ў кучы,
Абліваючыся потам.
На гумно вазілі потым.
Былі жарты, былі смешкі.
А з вясновым сонцаблескам
Праца йшла у дзве сякеры,
І ляцелі трэскі-пер‘е.
Як запахла глеба хлебам,
Працавалі скоблі, гэблі,
А піла званіла звонам
Пад птушыны гучны гоман.
Так дзён колькі праляцела —
Вось гатовы зараз сцены.
Вельмі рупна, вельмі пільна
Затыкалі мохам шчыльна.
Палажылі вянцоў дзесяць.
Бабы блізка гліну месяць.
Палажылі адну траму
І дзве бэлькі гэтак сама.
Над пахучым жоўтым зрубам
Кроквы ставіліся дуба,
Вырубаныя ў імшары
Крокваў ставілі тры пары.
А да крокваў зухавата
Прымацоўваліся латы.
Сніўся сон у лазні цеснай,
Сон — як сонца, сон — як песня.
А салома ўніз камлямі,
Роўналежнымі кулямі
Прыціскалася паплётам,
Нібы тоўстым моцным дротам,
Аж да вільчыка высока
Пад майстроўным роўным вокам.
А ў хваёвых гучных сценках
Прарубілі тры акенкі.
Для дзвярэй была тут дзірка —
І раўнялі ўдоўжку, шырку.
А на бэльках пад страхою
На два пальцы таўшчынёю
Клалі плахі на ўсю хату —
Столь хваёвы, моцны надта.
Зверху сыпалі кастрыцу,
Мох сухі, пясок-зямліцу.
Ля дзвярэй у той хаціне
Збілі печку з добрай гліны.
Сніўся сон у лазні цеснай,
Сон — як сонца, сон — як песня.
Расла хутка, расла шпарка
Пры хаціне гаспадарка.
Для суседзяў на здзіўленне —
Прыбудовачка-трысценне.
Будавалі прыбудоўкі
Для каня і для кароўкі…
Сніўся сон у лазні цеснай,
Сон — як сонца, сон — як песня.
Два браты пайшлі ў жаброўку
Пад людскія дзверы, вокны.
Былі торбы іх няпоўны,
Было ў лазні дзетак поўна.
Панскі лес той вартавала
Палясоўшчыкаў нямала.
Два браты дабро дзялілі,
Было шуму на тры мілі.

Восень

правіць

ВОСЕНЬ

Па-над гаем, па-над лесам
Тучы-хмары хтось павесіў.
Плачуць хмары, сыплюць слёзы
На рабіны, на бярозы.
А па шчэці зжатай нівы
Бура чэша сваю грыву,
І качаецца па лужах,
Муціць рэчку, кругі кружыць,
Галаву хваіны-маці,
Як шалёную, калмаціць.
Медзяныя кудры клёнаў
Пазурамі рве і стогне.
І бярэцца ў дужкі з дубам,
І скрыпіць жалезным зубам.
Восень смутна ходзіць-бродзіць
Па вільготным агародзе.
Пераходзіць праз парканы,
Туліць вочы у туманы.
У хмызняк зірне з журбою,
Кашляне па ім крывёю.
А з нябёсных шэрых вокнаў
Дожджык ніткамі-валокнай
Сыпле, падае на стрэхі,
Па саломе б‘е арэхі.
Наш Ярыла не бядуе.
Ён задумаў песню думу.
Пыл ад гусляў выцірае,
Струны-цуды, струны-граі
Ён рукой вітае правай.
Лад і строй прабуе жвава,
Ён прабуе гусляў голас —
Залаценькі струнны волас.
Крутне колікам, паверне —
Ці той зык са струнаў верны.
Гуслі чулыя на волі
Загулі, як роі пчолак.
Пальцы-дзівы, пальцы-чары
Сеюць песні на абшары.
Гукі-смех і гукі-стогны
Лезуць з пальцаў непрытомна.
Пальцы ўюцца матылькамі,
Мігацеюць аганькамі,
То нямеюць нібы з болю,
То дрыжаць пяшчотна, квола.
Пальцы — шчырыя падружкі —
Вядуць з струнамі шаптушкі,
То цалуюць іх, то гладзяць,
То у прысядкі прысядуць.
Іх не пяць на струнах-соткі,
Пальцы — лёгкія лябёдкі.
Дождж шкляны чароўных гукаў
У люстэрка даляў стукнуў.
Панясліся, панясліся
Песні сокала да высі.
А тым часам у прасторы
Пачалі круціць віхоры.
Хмары снегу завярцелі.
Лес і поле пабялелі.
У вялікай грознай сіле
Многа гурбаў нанасіла.
Гуслі граюць. Конь і сані
Да Ярылы прышлі самі.
Сеў. Паехаў ён у госці
Да жар-сонца ягамосці.
Ў яркім пуху з белых мгліцаў,
У кужэльных у спадніцах
Елі, хвоі на спатканне
Чуюць гуслевае гранне.
Наш Ярыла ў белым снезе
Да жар-сонца ў госці едзе,
А зіма за ім імчыцца:
— Змерзнеш ты без рукавіцаў.
Замарожу ў полі чыстым,
Не паможа конь твой быстры.
Зіма ляскае клыкамі,
Скубе поле кіпцюрамі.
Вокам злосным, вокам белым
Блысне ў далі ашалелай,
Гукне раз, другі і трэці —
Не дае Ярылу грэцца.
А па лёдзе, як па сталі,
Наш Ярыла едзе далей.

ЛАЗНЯ

Лазня зложана з бярвенняў.
Печка звалена з каменняў.
І палочак ёсць дубовы,
І цабэрак ёсць кляновы.
І кацёл — у ім вадзіца
Пенай пеніць, кіпяціцца.
Быў палок засланы сенам.
Побач венікі віселі,
Пахлі свежаю бярозкай
Пад бліскучай цёплай роскай.
Гаспадар паліў у печцы,
Каб Ярыла мог тут грэцца.
Першы дух спусціў у сенцы,
Дух другі — цераз акенца.
Трэці, чысты дух, стрымалі,
Шчэлі ўсе пазатыкалі.
Госць раздзеўся, як належыць,
У цяплыні цела нежыць,
Правым бокам, левым бокам,
Як ля рэчкі ў сонцапёку,
Ён пацее сёмым потам,
Венік хвошчыць так пяшчотна.
„Пары мала! Мала пары!“
Галава гарыць ад жару.
„Ой, яшчэ! Ды не шкадуй-жа!
Не самлею, бо я дужы!“
Хвошчыць грудзі, стогне, крэхча
І мяркуе як прылегчы.
Валасаты, як гуменнік,
А спіну засцёбаў венік.
Счырванеўся, як мядзяны.
Цела клубіцца ў тумане.
Ад прыемнасці завохаў:
„Яшчэ пары! Яшчэ трохі!“
Хвошчыць венікам, смяецца.
Малацьба адна-здаецца.
„Дай мне венік, венік новы!
Ты не бойся, я здаровы!“
Аж тры венікі засцёбаў.
Потым выбег ён харобра,
Голы, рады, жвавы ў сенцы
Ды адтуль на загуменца.
Пакачаўся ў пухкім снезе,
Ды у гурбу лёгка улез ён,
Нібы ў ложак пад пярыну.
„Вось яшчэ адну хвіліну…“
Ён адзеўся ды ў святліцу,
Каб мядком павесяліцца.

РЭЧКА

І палямі і лясамі
Рэчка ўецца паясамі.
Багатырскай сівай броўкай,
Гучнасрэбнаю падкоўкай
Гнецца ўлева, гнецца ўправа,
Абагне гушчар кудравы,
Ды абцягне ўзгорак стромкі
Ці то змейкай ці пярсцёнкам.
А то роўным простым шляхам,
Пазасланым гучнай бляхай,
Рэчка мерыць шыр пашніцы,
Сонцу, месяцу, зарніцам
Служыць мостам чыстым, ясным.
Зоркі свецяць, зоркі гаснуць.
На чаўне, чаўне альховым
З песняй вешняй, песняй новай
Наш Ярыла к сонцу мчыцца,
Сыціць песнямі зямліцу.
Над вадой, вадой — ракіты.
У вадзе, вадзе — блакіты.
З плавунамі ўперамешку
Сонцатканыя мярэжкі,
Каляровыя жывёлкі,
Як праменні, як вясёлкі,
Кружаць кругі над вадою.
А пры чыстым вадапою
Каля грэблі, каля кладкі
Пастушок пільнуе стадка.
І па рэчнай па крышталі
Наш Ярыла едзе далей.

Купалле

правіць

КУПАЛЛЕ

Гралі гуслікі ў дуброве,
Гаварылі чары-словы:
— Хто тут з красак харашэйша,
Хто з дзяўчатак наймілейша,
У каго у вочах росы,
У каго, як сонца, косы,
Хто з красунь ад песні млела, —
Хай бялюсенькае цела
Зграбна краскамі пакрые:
Хай на грудкі — цвет лілеі,
Хай на ножкі кладзе ружы,
Хай для ручак рута служыць.
Белы плечыкі-лябёдкі
Хай цалуюць папароткі.
Хай вяночак на галоўку —
Будзе зграбна, будзе лоўка.
У такім сваім убранні
Хай стаіць на сонцаззянні.
Будзе зграбна, будзе ўдала,
Будзе імя ёй Купала.
І зрабіла так дзяўчына,
І стаяла такім чынам.
Сонца краску цалавала,
Бела цела абвівала
Залатым праменнем дзіўным
У калёры пераліўным.
І дзяўчыны голас-песня
Зазвінеў у тую весну,
Зазвінеў вясёлым словам:
Гэй, выходзь з лясных заховаў,
Хто ў купальскім карагодзе
Тутка шчасцейка знаходзіў!
Вось у сонечным пажары
Падыходзілі к ёй пары.
І яна з свайго ўбрання
Дала парам на каханне,
І пры гэтым гаварыла,
Як яе вучыў Ярыла:
— Весяліла вас купалле,
Цёмна ночка атуляла.
Быў пасцелькай шоўк травіцы,
Амывала вас расіца.
Кроў у жылах пламянела:
Нібы яблычак той спелы,
Кветку шчасця вы зрывалі
На купальскім ночным балі.
Хай вам шчасце назаўсёды
Свае кружыць карагоды!

Менск, 1922—24 гг.