Калісь буржуі і паны
Гразілі нам ў руках з дубінай
Стаяць за цэласьць стараны,
Ахоўваць „мілую“ айчыну.
Айчына-ж то — быў іх спакой,
Было іх шчасьце і багацьце
Й за іх на сьмерць і ў згібны бой
Павінны мы былі зьбірацца,
Бяз хлеба кінуўшы сваіх
Ў хацінцы беднай і убогай
На помач марную „сьвятых“,
На ласку некую ад „бога“.
І дзікай сілай гналі нас
Супроць такіх, як мы, працоўных,
Якіх цкавалі ў гэты час
На нас, бы ворагаў іх кроўных.
І йшлі мы ў бойку, часта йшлі,
Жыцьцё нясучы на ахвяру
Працоўных роднае зямлі,
Але заціснутай, бязтварай;
І гіблі соткі тысяч нас,
Чужых айчыне, яе мэтам —
Каб долі чорнае абраз
Вісеў нярушна па-над сьветам…
Мінуў той час, калі прыгон
Давіў нас сілаю драпежнай, Судзіў нам лёс, пісаў закон,
Пакорай ціснуў неабмежнай.
Мы бойкай ўпартаю, паўстаньнем,
Пранёсшы мукі ды нязгоды,
Зьвялі на землю панаваньне
Працоўным сьветлую свабоду.
Айчына наша — старана —
Комуны блізкае крыніца,
Гартуе творчы дух яна,
Надзеі ўспальвае зарніцай.
Ці-ж можам мы цяпер ня дбаць
Яе ахову ад нападаў,
Сьцяной жалезнаю ня стаць
Супроць замахаў чорнай здрады?
Чые нутро ня ўчуе зоў —
Прызыўны окліч палкім ўзьлётам
Шчацінай востраю штыкоў
Абняць грамадзкія клапоты?
Ой, не, ня ступіцца ўжо меч,
Ня схіліць нашых роўных плеч
Цяжкая скрутная гадзіна
Барбы за вольную краіну.
Менск, 25/V 1921
|