Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Песьні працы ў прыгоне/Гарбар на вандроўцы

Песьні гарбара Гарбар на вандроўцы
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Песьня грабара
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гарбар на вандроўцы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГАРБАР НА ВАНДРОЎЦЫ

Прысьвячаецца Цімоху Гамзе

Дожджык пакрапляе,
Дзень стаіць халодны,
Шпаламі шагае
Ў пуць гарбар галодны.
Ногі чуць клыпаюць
І грабуць нясьмела;
Вочы пазіраюць
Сумна, асавела.
Апусьцілісь рукі
Ад цяжкой утомы…
Дзе-ж сканчаньне мукі
Яго — невядома.
Сэрца болем рэжа,
Сэрца болем плача…
Ў зношанай адзежы
Холадна, бядача!
Косьці боль ламоча,
Цяжар дацінае…
Гарбар есьці хоча,
Хоча — ды ня мае;
Ўчора йшчэ з астаткам
Грошы ён растаўся:
Ў месцы на дзесятку
Ён падмацаваўся.
І пашоў на вочы
Холадам, сьлютою,
Каб дайсьці да ночы
Ў месца дзе другое;
Каб хаця дзе мала
Працы расстарацца:
Сэрцу-б лягчэй стала,
Як ісьці бадзяцца.
Але што-ж, ня чуюць
Людзі і ня бачуць,
Як браты гаруюць
І ў нядолі плачуць.
А на крык: „работы!“
— „Ў нас няма!“ гукаюць,
І ўнутру з ахвотай
Далей адсылаюць,
Ня спытаўшы брата,
Ці ён есьці хоча,
Ці ён знойдзе хату
Адпачыць уночы…
Вось ідзе памалу,
А куды ня знае;
З шпалы ды на шпалу
Ціханька ступае.
Падбіў ногі моцна
І стаміўся дужа;
На людзей ён злосны,
Злосны і на сьцюжу.
З гораду у горад
Блукае, клыпае,
Гоніць яго холад,
Голад падганяе.
А ўсьлед з імі гора,
Гора сьледам ходзіць
І ўсяму гавора
Гарбару прашкодзіць,
Каб ён не дабіўся
Сабе лепшай долі,
Шчасьця не дажыўся
Навекі ніколі.
А за што? Хто знае,
Чым ён вінаваты?
Доля, бач, такая —
Ёю ён прадаты…
...........
Дожджык пакрапляе,
Па гразі хлюпоча,
Гарбара пужае,
З гарбара рагоча.
А у тахт начыне
З дажджом песьню грае, —
Сэрца ад ёй стыне,
Кроўю ацякае.
Поўны весь клапотаў,
Йдзе гарбар, сьпяшыцца…
Дзе-ж то на работу
Ён прыстаканіцца?..

Магілеў н/Д, 1912