Сьпі, сыночак, ў калыбелі
Ў чыстай, мякенькай пасьцелі.
Я калыску пагайдаю,
Песьню-казку прасьпяваю,
Аб тваёй, сыночак, долі,
Калі выйдзеш ты у поле
Жыцьця труднага, цяжкога
Калі станеш ты на ногі…
Сьпі спакойліва, сынок,
Прагуляўшы ўвесь дзянёк,
Бо падросшы — не пасьпіш…
Стане думка прад табою
Сетку віць з ліхіх клапотаў
І абмые твар твой потам…
Сьпі, сыночак, ў калыбелі,
Хай зьбірае сілу цела,
Хай душа гартуе волю
Йсьці настрэчу лепшай долі.
Ты дзіця краіны беднай,
Акаванай ў пояс медны
Гора, злыбеды, нядолі,
Мукаў сэрца — цела болі;
Ты дзіця яе народу,
Век цярпячага нягоду
Ў прыгнячэньні, пад‘яремна,
Непавінна, задарэмна. Ты радзіўся пад натугам
Сілы змучанай — за плугам,
За сярпом ды за касою.
Ты радзіўся пад пятою
Прыгнятаўшае нядолі —
Пад кустом, ці ў чыстым полі.
Будзь на варце, будзь гатовы
Скінуць гора таго ковы,
І шырокаю дарогай
Выйсьці людзям на падмогу
Ў барацьбе за шчасьце й славу
Ім належныя па праву.
Ў новым вашым пакаленьні
Прыдзе краю вызваленьне
Ды багацьце і Свабода
Для працоўнага народу.
Сьпі-ж, сыночак, з думкай гэтай,
Марай шчаснай разадзеты,
З верай яснай дачакацца
Пайсьці ў бойку і змагацца
За працоўных, іх краіну,
За іх шчасную судзьбіну.
Цябе будзе шанаваці,
Пакуль сталым станеш — маці;
Пашануе ды падбае,
Пакуль сілы на то мае,
Пакуль хопе ў яе могі
Ўстанавіць цябе на ногі.
Ўстанавіўшы ж будзе ждаці
Бачыць ў збройнай слаўнай раці,
Ў гушчы ўстаўшага народу
Пры змаганьні за Свабоду.
Пецярбург, 1913
|