Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Урачыстасьць жыцьця/Мілы мне бясконца…

Я жыць хачу ⁂ Мілы мне бясконца…
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
⁂ Мая хата — постаць нівы…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мілы мне бясконца…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Мілы мне бясконца,
Любы тыя хвілі,
Калі сонца ў небе
Падыходзе к гаю.

І ў абачным воку,
Сінім небасхіле
Ўкрадкаю Вэнэра
З неба мне міргае.

На лугох зялёных
Траўка не шахнецца,
Ветрыкам нізваньня
Ніадкуль ня вее,

Толькі, як ні глянеш,
Вока дзе ні мкнецца
Жыта ядраное
Вокал палавее.

А ў баку, пры гаі,
Дзе лугоў граніца,
Ліп, вярбін дарожка
Зеленьню руцянай

Закрывае сонцу
Срэбную вадзіцу
Ручайка, што мчыцца
Стужкаю зламанай.
У паветры чыстым
Ўецца над зямлёю
І крычыць-галосіць
Сваю песьню каня,

Быццам бы з гарачай
Шчыраю мальбою
Просіць кагось ўчуці
Яе крык-праханьне.

Паглядзіш вакола —
Сіла маладая
Ў стомленай істоце
Ўстане-скалыхнецца,

І ты рвешся ўгору
Рвешся ты да гаю,
А парушыць з месца
Не хацеў-бы, здэцца.

Пецярбург, 1915