Зоры й месяц ў вышыне —
Для мяне, для мяне!
Пекнасьць дзіўная палёў,
Песьні пташак, шум гаёў,
Неба сіняе наўкруг,
Увабраны травой луг,
Сьвежы ветрык, што сапне
Над палямі — для мяне,
Для мяне!
Ўзрок дзяўчыніных вачоў,
Зыкі песьняў яе й слоў,
Першай любасьці пазыў,
Што прыветны ўзрок ўлажыў
Ды ўскалыхнуў раптам кроў;
Наша першая любоў
Ўся ў праменьні, ўся ў агне.
Для мяне, для мяне!
Кветкі ў садзе, зелень, пах,
Мак чырвоны на градах,
Срэбнасьць раньняе расы,
Сьвіст сярпа і звон касы,
Рэзвы стук цапоў ў гумне —
Для мяне, для мяне!
Ўсё, што бачыцца вакол:
Неба сінь, зялёны дол,
Рэчка, горы, гай між ніў — Для мяне, пакуль я жыў,
Пакуль сэрца ў грудзях б‘е,
Ўсё красуе, ўсё пяе;
Ўсё гаворыць мне бяз слоў,
Каб я жыў, як гул лясоў
Каб на хвілю я ня нік,
А на кожны жыцьця зык
Змог-бы чула адгукнуць…
Бо, пакуль ня ўсьпеў заснуць
На сьмяртэльным тапчане,
Ўся прыгожасьць для мяне,
Для мяне!
Там за мною — берагі,
Сьвет інакшы, сьвет другі,
З якім буду гаманіць,
Як жыцьця парвецца ніць,
Як на зьмену днём жывым
Нябыцьцё расьсьцеле дым,
І разьляжа нада мной
Змрок сьмяртэльнаю шатой.
А цяпер, калі жыву,
Калі рухаю, лаўлю
Кожны подых, кожны ўзьвей
Жыцьця радаснага дзей
На зямлі і ў вышыне,
Ўся прыгожасьць — для мяне,
Для мяне!
Пецярбург, 1915
|