Ў вакно маленькае імжыць
Сьвятло пахмурнае надворку,
І шарым выглядам глядзіць
Сырая цесная каморка.
Нясе смуродам цьвіль і плесень, —
Астыўшы печ ўжо тыдняў з пяць,
Пацёкаў брудных вільжны дэсень
Выводзіць рэзную пячаць.
Прамозглы дух — калеюць рукі,
Здаецца к печы-б прытуліць…
Нялёгка мудрыя навукі
Ў жыцьці часамі прыдабыць.
Ня раз, ня два ўстаюць пытаньні,
Ці хопе сілы дацягнуць?
І млосна-цяжка разам стане,
І дні, як месяцы, паўзуць.
Ў ваччу пярэсьцяцца радкі,
Ня йдзе у голаў сэнс таемны,
Кіўком павабнае рукі
Утома знак дае прыемны —
Пайсьці за ёй — вярнуць назад,
Закінуць цягу к ведам-знаньню.
О, не! Цярпець лепш буду ў дзесяць крат,
А ўсё-ж дайду свайго жаданьня.
Зьнясу агонь я з высяй горных
У долы цёмныя нізін,
Ўвальлю цярпеўшым і пакорным
Пазываў сьветлых бацыльлін.
Дзе сон бацькоў хаваў нядолю,
Дзе змоўк дзядоў пладзіў прыгон, —
Разьвею я па вольным полю
Жыцьця сьвядомага агонь.
Па вузкіх межах пройдуць чынна
Да плёнаў ядраных жняцы,
З вясёлай песьняю дзяўчына
Складзе багатыя капцы;
Струною роўнаю прарэжа
Маўклівы кут равун-цягнік,
Бярлог абудзіцца мядзьведжы
І ў багне згіне лесавік.
Над дахам хат, над змрокам вечным
Затуліць смольны дымагар
Яскравым променем стосьвечным
Электры яркае ліхтар.
Багатым полагам разьляжа
Пад цяжкім дзятлікам мурог;
Якая-ж здань мне перавяжа
К навуцы гладзь крывых дарог?
Хто ў сэрцы носіць цень надзеі
На скрутны зьбег маіх умоў,
Хто хоча зыркім сонцавеем
Асьветліць лік старых багоў —
Той зломіць наглае увер‘е,
Той скрытны сподзеў разаб‘е
Аб сталь напружнага намеру,
Што я ўзахоп узяў сабе.
Знайду я сілу, стане гарту —
Іх мукі доўгія далі —
Працоўнай здольнасьцю упартай
Вярнуцца з ведамі к зямлі…
Утома знак дае прыемны
Махнуць рукой на гэты шлях,
Але я цьвёрды! І дарэмны
Прашкоды ўсе — спыніць мой шаг.
Менск, 1921
|