Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/2/«Лайдак»

Спатканьне «Лайдак»
Апавяданьне
Аўтар: Цішка Гартны
1929 год
Вялікодная каробка
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Лайдак».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„ЛАЙДАК“

Ужо падыходзіў канец дзесятае гадзіны раніцы, калі Палута вярнулася з травы. Ёй і на гэты раз пашанцавала: стражнік ня ўбачыў, і яна нажала два вялікіх дапаўна мяшкі добрае паплаўное травы. Янкель рамізьнік, стрэўшы Палуту з травою, нічога ня кажучы, адкупіў у яе абодвы мяшкі і яшчэ нават падзякаваў.

Гэта Палуту дужа ўзрадавала, бо яшчэ дагэтуль яна ні разу так удачліва не зарабляла.

Вясёлай ды здаволенай вайшла яна ў хату.

— Ну, цяпер крыху супачыну. Ужо сёньня болей нікуды не пайду. Дзякуй богу, утаргавала і хопіць для мяне на нейкі час. Вось толькі трэ’ было-б зьбегаць на рынак ды купіць хаця кавалачак сітніцы Хведарку, — уголас сказала яна сама сабе.

І, успомніўшы аб Хведарку, Палута кінула паглядам у запечак. Кінула паглядам і раптам сумелася, паціснуўшы плячыма: замест Хведаркі, яна ўгледзела старэйшага свайго сынка, Янку, які, скурчыўшыся абаранкам, ляжаў прытоена ў запечку. «Што то мае быць?» прабегла ў Палуцінай галаве: «толькі тыдзень мінуў, а ён ужо й дамоў наведаўся».

— Янка, Я-а-начка-а! — уголас пазвала Палута і хутка падбегла да полу: — Ці-ж гэта, Яначка, ты-ы? Чаго ты вярнуўся дадому, мой сынок? Можа зьбег ад пана Замыжнага?

Але хлопчык нічога не адказаў на мацерыны запытаньні: ён моўчкі, потайна ляжаў, баючыся паварушыцца, і відно было, як спуджана паморгвалі яго прыплюшчаныя вочкі.

— Ці ты чуеш, ці не? — гучней і зьлей гукнула Палута на сынка і штырханула яго рукою ў бок.

Янка раптам узварухнуўся, выпрастаўся й мігам падняўся.

— Мамачка, толькі не чапайцеся. Я вам сазнаюся — я эьбег ад пана Замыжнага. Вельмі ўжо там з мяне зьдзекваліся: не кармілі зусім, білі, папіхалі, спаць не давалі. Я ня мог сьцярпець і… зьбег. Ня беце матачка-а… Не магу я служыць у Замыжнага, ні за што не магу і… ня буду.

— Брэшаш, распусьнік!

— Не, мамачка, дальбог не, — стукнуўшы кулаком у грудзі, пакляўся Янка.

Палута замаўчала і некалькі часу нічога не казала, але скора да яе надышло сумненьне, і яна вымавіла да сынка:

— А калі ты хлусіш, што тады будзе? Вось я толькі папытаю ў аканома Сідара, чакай…

— Не, ні каліва ня хлушу, ні беднага… Папытайцеся сабе ў дзядзькі Сідара… — умольна, гледзячы Палуце ў вочы, апраўдваўся Янка.

Але не пасьпеў ён дагаварыць свайго апраўданьня, як пачуўся стук у вакно, а за ім і голас знадворку.

— Палута! Палута-а, га?

Палута кінула Янку, барджэй падбегла да вакна і ўгледзела ў ім Сідара, аканома Замыжнага.

— Ага-а! Сіда-ар! Чаго-ж гэта вы? — запытала яна Сідара, прачыняючы вакно.

Сідар усьміхнуўся і адказаў:

— Чаго! Да ты, пэўна, і сама дагадалася… Гэта-ж…

— А што? — запытала Сідара Палута.

— Да, простая рэч, за хлопцам прыехаў. Узяў учора ноччу і зьбег. Кінуў-рынуў у полі стада, а сам, займаздароў, драла. І ліха ведае, колькі ўчыніў шкоды: у сенажаць, ведаеш, рынула ўсё стада і нашчэнт здратавала з дзесяціну поплаву. Эх, такі ўжо, галубка, распусны ён у цябе, такі мудрагельны хлапец, што ня дай ты рады. Пэўна заснуў у пасецы, выпусьціў з вачу стада і з пярэпалаху ўцёк да хаты… Напэўна- ж, я думаю, ён ў цябе ў дому?

Сідаравы словы ня былі наўдою для Палуты: яна зразу, толькі што ўгледзела ў хаце Янку, думала гэта. Да кляцьбы і запэўненьня свайго сынка Палута аднеслася з поўнаю няўвагаю. Нават і думкі не дапускала, што яе сынок запэўняе шчыра. Чамусьці яна верыла словам аканома Сідара. Толькі ён скончыў запытаньні, як Палута адвярнулася да запечку, дзе насуплена стаяў Янка, і злосна прыкрыкнула на яго:

— Ці ты чуеш, адшчапенец, што дзядзька кажа? Каб цябе паралюш задушыў. Ну-ж, я табе пакажу, зараза.

— Ша-ша! — перапыніў Палуту Сідар: — крычаць — то ўжо ты ня крычы на яго… Падобраму лепш скажы, угавары яго болей так не рабіць…

— Го! не! Я-а яму пака-ажу! Эх, эх! і што мне рабіць з гэтым разбойнікам… сьветам круціць, на яго ліха…

Яна злосна скрывіла міну, сашчапіла кулакі і намерылася кінуцца на хлопчыка.

— Янка-а! Га, Янка-а! Хутка адзявайся і мігам з дзядзькам Сідарам назад да пана Замыжнага. Барджэй! — прыказала яна хлопчыку.

— Мамачка, родненькая, што хочаце са мною рабеце, куды хочаце пасылайце — толькі пазбаўце ад пана Замыжнага. Ён замучыць мяне… Там я з голаду памру. Не адпраўляйце мяне з дзядзькам Сідарам… Я з ім не паеду; ён вам няпраўду пра мяне наказаў… — з плачам у голасе, з мінаю на твары, якая выказвала глыбокую просьбу, умольна казаў да мацеры Янка.

— Я ўсё роўна там не застануся, калі мяне туды сілаю завязуць. Уцяку, кіну… павешуся лепш ці ўтаплюся, а ня ўслужу… — ужо з пагрозаю дадаў ён.

— Як?! Ты мяне яшчэ страшыць уздумаў? Вось я табе дам — павешуся! Бяры андарак ды шапку і гайда назад! — узлаваўшыся да чырвані, крычала Палута.

Янка спужаўся мацеры і паслушна зьлез з полу, зьняў з кручка халацік ды шапку і, узьдзеўшы іх, паслушна вышаў з хаты.

У дварэ сустрэў яго Сідар. Хапіўшы за руку Янку, ён жартліва сказаў:

— Кінь журыцца, нябожа; пакуль жаніцца — загаіцца… Вось забывай усё, лезь на воз і паедзем.

Янка нічога не адказаў Сідару. Галодны ад учарашняга і аслаблы, але ня могшы папрасіць у мацеры есьці, ён пайшоў да возу і ўсеўся на мяшку з саломаю.

— Янка, Яначка! — радасна кінуўся да яго Хведарка, прыбегшы аднекуль і ўгледзеўшы брата на возе: — Вазьмі й мяне з сабою, я хачу пад’ехаць — я так доўга не катаўся.

Янка нічога не адказаў і братку: ён мэрам і ня слухаў, што яму так рад і так шчыра сустрэў яго зусім нявінны ні ў чым Хведарка. Нават і вокам ня кінуў на яго, калі пакрыўджаны Хведарка адышоў ад возу, сеў на прызьбе і набочыўся.

Не зважаючы на дзяцей, Сідар каля пяці хвілін аб нечым пашаптаўся з Палутаю, а пасьля — адвязаў каня і крануў з месца.

— Бывай здарова, Палута! — сказаў ён да Палуты і паківаў галавою.

— Бывайце здаровы, ягамосьць Сідар… — дабрадушна адказала Палута і сьледам дабавіла: — вы ўжо там не патурайце яму, ушчувайце добра, калі трэба; я яшчэ падзякую вам за гэта… Што з ім цырымоніі разводзіць!..

Сідар засьмяяўся і пагнаў каня.

— Што-ж, Янка, засмуціўся? Баішся ехаць? Кінь нудзіцца! — абярнуўся ён да Янкі.

Янка маўчаў. Гурток цікавых дзетак, якія сабраліся вакол возу, а цяпер расступіліся і глядзелі, як той аддаляўся, крычалі ўсьлед Янку розныя выказы: «Вярніся, Янка, прывязі яблык, як пасьпеюць». «Прыяжджай на Пётру». У грамадку дзяцей замяшаўся і Хведарка.

Палута-ж, толькі Сідар пагнаў каня, пакінула надворак і вярнулася ў хату. Усё, што здарылася з яе сынком, мэрам і ня было — адышло на задні плян, забылася.

Удачлівы заработак і чародныя клапоты жыцьця нахлынулі ёй у голаў і запаланілі Палуту.

І толькі спусьціўшы якую гадзіну, — ужо пасьпеўшы натупацца, зьбегаць на рынак і вярнуцца назад, — яна выпадкова зьвярнулася думкамі да Янкі; зьвярнулася і тут-жа ўспомніла, што яна нічога не дала яму есьці. Палуту ахапіла мацерына пачуцьцё спагады да свайго дзіцяці, і яна тужліва прамовіла сабе:

— Ах, надзіва, наліха мне! Я-ж і перакусіць яму нічога не дала! Можа і сам ён нічога ня браў? Пэўна, што не. Пэўна, што галодным паехаў, небарака, бо што-ж ён мог знайсьці? Ах, і прыгнала яго нядобрае, гэтага заразу Сідара!..




Прайшоў цэлы тыдзень пасьля гэтага. Была нядзеля. Палута, заклапочаная штоднёвым жыцьцём і яго вымаганьнямі, ні разу ня ўспомніла пра Янку: ня бачыла перад сабою, і здавалася ёй, што малы спакойліва і памяркоўна нясе сваю службу.

Але ў нядзелю зранку, зусім зьнянацку, штосьць нейкае перавяло Палуціну думку на Янку: — «А маладзец сынок! Бадай, прыладзіўся і цяпер паслухмяна выпаўняе службу. Не пашкодзіла, нябось, што ўшчунула добра».

І толькі Палута выпусьціла гэту думку, як знадворку данёсься ў хату знаёмы голас:

— Палута-а! Палутка-а!

Палута ажно здрыганулася ўсёй постацьцю і мігам кінулася да вакна. Зірнула — і разам падалася назад, нібы яе хтось адпіхнуў. «Ізноў Сідар!» прамігнула ў яе галаве палахлівая думка. А Палуце падумалася, што гэта ня думка, а няпрытомны міжвольны выгук…

— Сідарка-а, чаго-о вы йзноў?! — праз які час стрэла яна Сідара, які пераступаў парог у хату.

— Я… Я… і нават з дрэннаю весткаю… — з нарачытаю асьцярогаю, працягаючы рукі да Палуты, гаварыў Сідар.

— А што, што што??! — ня могучы ўстаяць на нагах, запытала асавелым голасам Палута.

— Палута-а… Шша-а… супакойся-а… бедная… Твой Янка-сь… утапіўся-а… Вунь на возе яго целца… Ідзем узяць… Учора вынялі з сажалкі… Толькі і знашлі, што ўгледзілі недаплецены кошык на беразе… — казаў Сідар, бязмоцны, каб спыніцца ад горнасьці і спагады да кабеты.

Палута-ж ужо не магла нічога казаць: плач сьціснуў ёй сэрца да болі.

Сідар кінуўся да яе, каб падтрымаць, але і сам чуў, як калаціліся яго рукі й поцем засьцілаў вочы…



А з усходняга канца мястэчка, праз тры дробных вакенцы, даносіўся ў хату гучны трызвон: то званілі на абедню.