Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/2/Байструк

Вялікодная каробка Байструк
Апавяданьне
Аўтар: Цішка Гартны
1929 год
Распусьніца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Байструк (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БАЙСТРУК

I

— Ведаеш, Гапа, — пачала Тацьцяна, стрэўшыся з Гапаю, ідучы па ваду: — А ў пасэсара гэтага, Макара Клумкі, прыгожая дзяўчына — няўжо то яго дачка? На погляд, як быццам яны замаладыя для яе і тварам ніводнае неспадобны. То, бадай, якая-небудзь сваячка іх, у госьці прыехала; або служка… Толькі, каб служанкаю была, ня так-бы адзявалася багата. Прынамсі ўчора я бачыла яе ў сьвяточным адзеньні, дык, паверыш, не наглядзецца дзяўчына… Ты, нябось, бачыла ўжо яе?

— А як-жа, бачыла — заўчора з поля ехала, пэўна скародзіла ў выганах. Сапраўды прыгожая дзяўчына. Я першая загаварыла з ёю, пазналіся мы і, ведаеш, я нават запрашала яе прыйсьці на нашу зборню. Усё ёй расказала, як і што ў нас адбываецца гульня. У суботу прыдзе. Як, ці то добра я зрабіла? — папэўнілася Гапа.

— Вунь што кажа! Вядома, што добра! Гэта-ж цяпер наша зборня адаб’е ўсіх хлопцаў ад гэтых менітых! — здавольнена выказалася Тацьцяна. — Цяпер у нас станецца гэткая зборня, што толькі падзівіцца. Нас зьбярэцца душ шэсьць: ты, я, Карпусянка, Грызюха, пасэсарчанка… Ня вельмі ўстрашылі, што аддзяліліся; яшчэ лепш… Як, бок, завецца яна, ты ня пытала часамі?

— Чаму не, — палішчаная тым, што першай запрасіла да сябе пасэсарчанку, хвалілася далей Гапа: — Людвіся завецца… Праўда, пекнае імя?

— Пекнае, галубка, вельмі пекнае: Людвіська — каталічка, пэўна? Ну, а хто яна Макару, ня пытала часамі?

— І гэта вызнала… Вызнала… Толькі нікому не кажы… — Гапа аглядзелася вакола: — Яна прымачка пасэсарава. За дачку ўзялі… Але гэта выведала бокам…

Тацьцяна перш як-бы зьдзівілася, выказаўшы на твары лёгкае нездаваленьне, пасьля матнула рукой і сказала:

— Трохі ніякавата! Як дазнаюцца тыя, скажуць, — зьбіраюць усякае… Але, нічога! Ну, што-ж, няхай кажуць! Бяда вялікая! Хоць прымачка, абы добрая і прыгожая дзяўчына. Гэта ня ганьба! Вунь, паглядзі, Віктося. Аўдзеева ў якой славе… Кожная менітка можа пазайздросьціць… Ды да гэтага, бач, шляхотная якая, далікатная… Вось яшчэ цікава, ці надоўга яны прыехалі сюды?

— Гэтага, Тацьцянка, то ўжо не скажу: хто іх ведае! Але, памойму, ня менш году… Заўсёды пасэсарства ладзіцца самае меншае — на год… А год — часу досыць, до-осыць, каб падружыцца… Нябось, ня скажуць цяпер, што мы адны, ды ў завідзе ім, не-э…

Дзяўчаты падышлі да студні, начэрпалі вады і вярнуліся назад.

— Цяпер толькі адно — дзе-бы нам ямчэй асесьціся? Каб то ў вас, дык вельмі латва было-б, але наўрад ці твая маці згодзіцца! І так цэлую зімку пратаўкліся ў хаце. Уелася тваёй мацеры ў косьці. Каб яно ў нас былі сені гэткія, і то, ліхо яго ведае, цякуць, неабіты папераю, ложка няма, пограб пасярэдзіне… У іх там — дык на дзіва памяшканьне для зборні. Як абозьня — хата! Сям’і часта няма ў дому, і тая кручаная Адарка гаспадаруе адна, як хоча… Гэтым яны й бяруць… Што-ж, хлопцы там штохоць робяць, мудруюцца, лазяць усюды, і ніхто не перакорыць… Слухай, Тацьцяна, а мо’-б, часамі, твая маці й дазволіла-бы, га?

Тацьцяна дабрадушна ўсьміхнулася, зазірнула таварышцы ў вочы і адказала:

— А чаму табе здаецца, што мая маці ня хоча зборні? Хто табе набаяў? Яна ніколі й не заікалася аб тым, што не дазволіць у нас гуляць. Наадварот: яшчэ вось учора, калі я ўспомніла аб Людвісе пасэсарчанцы — дык мне маці сама й кажа: «Згуртуйце зборню і гуляйце ў нас. І сенцы, і прыгумень, і прызба ў поўным вашым распараджэньні». Го-о! Ёсьць аб чым клапаціцца! У суботу бяры і проста да нас! я лямпу ўбяру, паднаўлю паперу і… і ня ўступіць памяшканьне іхняму…

Каля хаты Тацьцяны абедзьве спыніліся:

— А прыгумень я таксама падмятаю штодня. Вунь, глядзі, як руніць, як коўдра, — паказала Тацьцяна на зялёную пляму травы ў канцы двара.

Гапа паглядзела і шчыра ўсьміхнулася.

— Добра! ой, добра, Тацьцянка.

— Хаця няхай хлопцы супакояцца, а то часта пытаюць, калі-ж мы адкрыем сваю зборню… Бач, яно сапраўды, кожны раз прыходзіцца абы-дзе туляцца, а ня то, дык і лавіць адно другога.

— Лепш хай пэўнае месца знаюць… А калі твая маці згодна, дык я ўжо, спаткаўшыся, запрашу хлопцаў, на суботу… Ты таксама, Тацьцянка, — паведай, каго ўбачыш. Нябось, падзівяцца й на Людвісю, ці няпраўда, мо’?

Гапа прыйшла ў радасны настрой: нарэшце яе думка ажыцьцяўлялася! Цэлы месяц яна насілася з пытаньнем аб заснаваньні асобнай ад Адарчынай зборні.

Цэлы месяц яна абдумоўвала пляны, як яе наладзіць, каб і весела было на ёй хлопцам гуляць і каб заможніцам паказаць, што можна заўжды абыйсьціся бяз іх. «Нябось — пераканаюцца скора, што сьвет не на іх адных трымаецца! Толькі ззахацець — і можна абыйсьціся. Вось нам яшчэ будуць завідаваць», думала Гапа між гутаркі і пасьміхоўвалася. Тацьцяна таксама была здаволена тым, што знайшлася новая таварышка, якая абагаціла іх кампанію і падштырхнула іх да скарэйшага адчыненьня зборні.

— Дык у суботу да нас, — рашуча сказала яна Гапе і пайшла.

Гапа, ня чуючы пад сабою ног і не прымячаючы цяжару двух поўных вёдзер вады, перабегла двор і апынулася ў сенцах, дзе ўжо яе чакала маці.

— Ведаеце, мама, а Людвіся Клумка будзе гуляць з намі. Мы, вось, згаварыліся з Тацьцянаю адчыніць у іх зборню, — пахвалілася мацеры Гапа.

— А то й што! Ня йсьці-ж вам прасіцца ў Адаркі, каб прыняла да сябе. Няхай свае гонары паказваюць асабіста. Ведаем ужо іх рызыку… адказала маці.

— Ды хлопцы адцураюцца іх. Гэта што ня было ў нас прыпынку, дык яны міналі; а цяпер, нябось, з радасьцю хадзіцьмуць да нас.

— Пэўна! Не цягацца-ж ім блізкі сьвет у Засьценьне, калі пад бокам будзе зборня.

Гутарка з мацераю яшчэ больш падвесяліла Гапу. Свая зборня, гульня, скокі, якіх яна так доўга ня бачыла, паланілі бадзёрасьцю яе істоту, песьцілі пачуцьцё і спляталі салодкія мары. Быў чацьвер, адвячорак, а Гапе хацелася прачнуцца ў суботу. Пятніца, якая ўрэзалася клінам між гэтых двух дзён, так была непажадана Гапе, што яна не хацела гадзіцца з праўдзівасьцю й нямінучасьцю гэтага.

Вайшоўшы ў хату, яна аддалася разважаньням і разьмеркаваньню суботняе гульні: ладзіла ў думках танцы, выяўляла тое ўражаньне, якое, як яна думала, Людвіся зробіць на хлопцаў з другіх вуліц, і здавальнялася душою. У гэткім здавальненьні Гапе не хацелася думаць аб заўтрашнім дні, аб яго пляне працы. Усё гэта да прыкрасьці прыелася ёй. Ня ўсё роўна, папраўдзе, ці трэ’ будзе ёй лён палоць, ці зябліць папар, ці ехаць у лес за ламаччом. Лепей-бы беспарушна мінуць усё гэта!

— Што ты так задумалася, Гапка? — запытала дачку маці, калі ўсёй сям’ёю сабраліся да вячэры.

Гапа нічога не адказала мацеры і моўчкі прасядзела ўсю вячэру; і таксама моўчкі ўляглася спаць.


II

Гапа думала пра зборню, пра Людвісю, пра тую вясёласьць і рэзвасьць, якія вернуцца да яе ў суботу — а ў асяродку яе думак і мар насілася адно, чаго яна не хацела выяўляць, а што было ёй вядома, знана і зразумела само сабою — гэта Кар’ён. За апошнія некалькі тыдняў Гапа вельмі рэдка спатыкалася з ім, урыўкамі гаварыла і толькі тры-чатыры разы правяла з ім па некалькі шчасных гадзін на адзіноце. Кар’ён разам з хлопцамі-таварышамі хадзіў на зборню да Адаркі ў Засьценьне, дзе кожны сьвяты вечар зьбіралася шмат моладзі і куды Гапе нельга было хадзіць з-за сваркі. Гуляючы на Адарчынай зборні, Кар’ён часта забываў аб Гапе, а праводзіў час з другімі дзяўчатамі. Ня йсьці-ж шукаць Гапы, калі другія тут-жа, пад бокам! А Гапа ўсё гэта ведала і балела душою: Кар’ён патрошку, але час-ад-часу ўсё болей чужыўся яе. Нават апошніх дзён з дзесяць яна й ня бачыла яго. А, бач, можна гэтага не дапусьціць! Гапа адчувала гэта добра і ўвесь час старалася знайсьці тую ці іншую раду. Асабістая ад Адарчанай зборні — то быў найпэўнейшы сродак затрымаць Кар’ёна каля сябе, і разам з гэтым паперашкодзіць сваім непрыяцелькам. Праз гэта субота мела быць першым уступам да новае паласы любашчаў Гапы з Кар’ёнам. Адчыненьне зборні — то верная сустрэча з ім. Ня трэ’ будзе з затоенаю трывогаю, з нейкай няёмкасьцю стаяць аднэй ці з Тацьцянай каля шула вешніц і настарожана, з мучэльным чаканьнем пазіраць усьцяж вуліцы, каб угледзіць яго і пераняць да сябе; ня трэба будзе з кіпучаю зайздрасьцю праходжваць у бок Засьценьня і балюча хвалявацца, спаткаючы Кар’ёна з іншаю дзяўчынаю; ня трэба будзе з абурэньнем выслухоўваць плёткі заможніц з Адарчынай зборні, што яны дашчэнту задзічаць Гапу з Тацьцянаю і адаб’юць ад іх усіх хлопцаў, нават каханкаў. Усё гэта адпадзе, толькі зьбяруцца яны ў сенцах Тацьцянінага будынку, запаляць лямпу, і хто-хто, а Кар’ён не абміне — Гапа была ўпэўнена.

У гэткім запэўненьні сябе Гапа прачнулася ў суботу зранку. На дварэ йшоў буйны спорны дождж. Дзярэўцы ў саду і рунь у полі, што віднелася ў вакно, блішчэлі разьлітаю па іх цёплаю вадзіцаю і пад чорнымі хмарамі каляраваліся ў цьмяна-зялёны выгляд. Гапа паглядзела на вуліцу, абмерыла вачыма поле і кінула погляд угору, да хмар.

— Сёньня, пэўна, нельга будзе нічога рабіць у полі, — выказала яна да мацеры.

— А якая там работа: вось бацька ўжо пасе каня — хай пасе. А мы тут хоць трохі паабмывайма ў хаце. А то прыдзе прыпар — тады йзноў дыхнуць нельга будзе.

— Вядома што, — згадзілася Гапа.

Застацца ў дому, а ня ехаць у поле, спадабалася Гапе. Можна будзе спакволя ўсё зрабіць і прыбрацца, як сьлед, на зборню. Але з другога боку, Гапу непакоіла пагода: што, калі ў ўвечары будзе дождж? Нельга будзе выйсьці на вуліцу, каб прайсьціся і палюбавацца чарамі ночы. Ніякавата будзе сядзець з Кар’ёнам дзе-кольвечы на прызьбе пад капяжом і чуць нуднае лапатаньне дажджу. Праўда, у сенцах дождж не дастане, ды мо’ яшчэ лепш паспрыяе на цэльнасьць гульні ўсёй зборні, толькі… Гапе цікава гульня не на зборні, а пасьля зборні, калі, разыходзячыся да хаты, хлопцы праводзяць дзяўчат і, за праводамі, праседжваюць з імі па пары аж да самага сьвітаньня. Гапа лучыла адчыненьне зборні з усяночнаю гульнёю на адзіноце з Кар’ёнам. І ў чацьвер вечарам і праз цэлы дзень пятніцы, а выразьней усяго ў суботу зранку, пляны сустрэчы з Кар’ёнам неадходна набіваліся на думкі Гапе і вымагалі ад яе найдрабнейшай распрацоўкі. Гапа перабірала ў выабражэньні розныя моманты з ранейшай гульні з Кар’ёнам, вышуквала ў памяці найцікавейшыя хвілі салодкіх перажываньняў, вынаходзіла мясьціны, якія-б больш спрыялі ўздыму гэтага пацуцьця.

Пасьнедаўшы і прыбраўшы хату, Гапа адарвала кавалак часу на падрыхтоўку да вечара: дастала з куфра тарыновую спадніцу, фартух з брыжамі, маркізэтавую белую кашульку і ўсё гэта палажыла напагатове ў хаце за ложкам; спасьля наліла чыгунчык вады і паставіла ў печ, каб сагрэлася к вечару; яшчэ да гэтага прыправіла модаю косы, прывіўшы пальцамі з абудвых бакоў па дзьве закруткі каля вуха.

І робячы ўсё гэта, Гапа нясьціханна напявала розныя мэлёдыі. А бегала з сянец у хату, як памяло, швыдка, з подскакамі, адно мігалі белыя пяткі ног. Раз-ад-разу яна кідалася ў вакно і ўзіралася ў надворак, абглядаючы неба, ці няма дзе якога знаку на пагоду. Калі глядзела — то не магла знайсьці вакол гусьціліся хмары, пашарэўшыя, зьлітныя па ўсім небасхіле, алавяныя. Выгляд іх, іх характар разгону сьведчылі аб непагодзе да самага вечару — Гапа гэта азнавала; але яна ўсё-ж не хацела гадзіцца са сваім азнаньнем і моцна жадала ачышчэньня неба…

Ужо па абедзе, калі яны з мацераю прыняліся перапалоскваць розныя анучы, выправіўшы наведаўшага хату бацьку йзноў на поле, Гапа нечакана падмеціла праз вакно праясьненьне надворку. Яна тут-жа, як утрапёная, з закасанымі за локаць рукамі, падбегла да вакна, прычыніла яго і выглянула на вуліцу. На небе, з паўднёвага боку, вынікла шырокая расколіна ў хмарах, праз якую зіхацела лазурковая пляміна. Гапа шырокаю ўхмылкаю на твары адказала на праясьненьне неба і ўся шчасьлівая, нібы дасягла запаведнага шчасьця, адышла да начоў, каб няпрыметна скаратаць дзень.


III

К вечару на небе саўсім распагодзілася; як акінуць вачмі, ня відаць было ні хмурынкі; сіняе, з чырваньню на захадзе і з глыбокім водцемам на поўначы, яно пярэсьцілася серабрыстымі зоркамі, якія ўступалі перад надыходзячым з усходняга боку сьвятлом поўнага месяца. Ні вецярка. Чыстае паветра, мяккае ад доўгае прамыўкі дажджом і чыстае ад таго-ж, прапускала малейшы зык, робячы яго галосным і звонкім. За будынкамі ў гародах цьвіркалі скакунцы, а з поля даносіўся стройны жабін хор. Пахла багатым густым водырам расквітшага лета, п'янючага й завучага да безгра- нічнай асалоды жыцьцём і яго красою.

Гапа вышла на вуліцу зусім назмроку, калі ўжо клапатлівае жыцьцё мяшчан заціхла. Яна спынілася каля вешніц, напоўненая радасьцю наступных перажываньняў. Пры гэтым Гапа дваілася ў сваёй істоце: адна палова яе цягнула хутчэй да Тацьцяны, каб у свой час быць там і ня даць прычыны позна распачаць гульню; другая палова трымала на месцы ногі, накіроўваючы вушы слухаць і ўбіраць у сябе пявучую музыку ночы.

У гэтым супярэччы Гапа прастаяла каля поўгадзіны: не заўважыла, як прайшлі каля яе дзьве дзяўчыны, якія, адышоўшыся, уголас зарагаталі.

— Гэта ўжо тыя заразы пацягнуліся да Адаркі, — вылаялася Гапа і намерылася сама падыйсьці да Тацьцяны.

Толькі яна кранулася з месца, як раптам, зусім неспадзявана, пачула ззаду.

— Куды, Гапа?

Гапа, схамянуўшыся, азірнулася назад і неўпапад адказала:

— Да Тацьцяны-ж!

— Пачакай! — супыніла Тацьцяна.

То была яна.

— Ах! Гэта-ж ты, Тацьцяна? Пэўна, па мяне? Чакаеце ўжо? — кінула Гапа некалькі пытаньняў да Тацьцяны.

— Чакай адно… Сягоньня, пакуль, з нашае зборні пэўна нічога ня выйдзе… Зусім пайшло не панашаму…

— Як? Чаму? — пужліва хапілася Гапа. У яе нутры ўсё раптам перавярнулася, у галаве заварушыліся неспакойныя думкі.

— Ша-а! — скмеціўшы затрывожанасьць таварышкі, суцяшала Тацьцяна: — давай пасядзімо крыху, і я табе скажу, у чым справа.

Яны падышлі к прызьбе і паселі.

— Вось, галубка, — пачала Тацьцяна, абярнуўшыся да Гапы: — Я толькі што ад Насты. Думала, што пайшла ўжо дзесьці… Я тады па дарозе да Людвісі і — тае няма…

Тацьцяна спынілася і колькі хвілін прамаўчала.

— А гэта, вось, ішла да цябе і сустрэла яе, Людвісю, з Кар’ёнам, цішэй дадала Тацьцяна.

Гапа прыметна здрыганулася ўсім целам, адняла ад Тацьцяны твар і перш памкнулася падняцца з месца, але замест таго адхілілася да сьценкі і моўчкі прасядзела хвілін з пяць ня маючы сілы падняць язык, каб спусьціць з яго шэраг злосных слоў-лаянак. Пасьля, як-бы ўвайшоўшы ў сябе, яна запытала.

— Дзе ты іх бачыла?

— Сядзяць на лаўцы каля Клумкавай хаты, прытуліўшыся адно да другога. Я знарок прывіталася, каб праканацца… Вось табе і Кар’ён!..

Гапа зноў змаўчала: яна сядзела і чула, як у яе ў сярэдзіне гасьлі нядаўнія проблескі квітучых жаданьняў. Сэрца моцна стукала, і кожны яго ўдар, здавалася, заганяў новы гвозд у яе душу. Гапа зусім не чакала гэтага і, дзякуючы якраз гэтай нечаканасьці, да таго моцна кранулася, што ўся калацілася ад ахапіўшай яе дрыготкі. Праўда, побач з вялікаю колкаю крыўдлівасьцю, у Гапы ўзьнялося і вострае, пякучуе абурэньне злосьці да Кар’ёна і Людвісі. Яны ўдваіх раптам вырасьлі ў яе ваччу ў страшэннае чудзішча, якое загароджвала ўвесь сьвет і адцягвала ўсю Гапіну ўвагу на сябе. Толькі перад ёю адчыняліся ружовыя правіды на шляху да ажыцьцяўленьня салодкіх мар, як тут — на табе — высокая крэпкая сьцяна загарадзіла гэты шлях і доўгім густым ценем затуліла яснасьць небасхілу. Ці-ж можна спакойна згадзіцца з гэтым? Гапа не дапускала й думкі. Яе сумленьне не дазваляла дараваць гэтага. Апусьціцца і зьмірыцца — то адказацца ад сябе. Ня дзеля гэтага-ж Гапа загубіла столькі натхненьня, столькі радасьці перагартавала ў сваім нутры!

— Тацьцяна, сястрыца, хадзем туды… хадзем да іх, я хачу толькі… Я хачу праканацца, ці ўпраўду то Кар’ён — дрыжачым, як ад спугу, голасам папрасіла Гапа таварышку.

— Чаго табе, Гапка, ісьці; я бачыла, што то яны… Сьмяяцьмуцца, як угледзяць, — думала адгаварыць Тацьцяна.

Але Гапа ня ўнімалася: яе ахапіла нейкая прага падыйсьці да Кар’ёна і ўласнымі вачыма падлавіць яго на здрадзе к ёй. Гапа ня мела сілы ўтрымацца, не знаходзіла думак, каб высьветліць мажлівыя скуткі сваіх намераў. Яна хапіла Тацьцяну за руку і ўмольным голасам пачала настайваць на сваім рашэньні. У яе голасе зычэлі ноткі душэўнага болю, які ня мог не крануць Тацьцяны. І яна, нарэшце, паслухала таварышку ды пайшла з ёю ўсьцяж вуліцы, налева ад Гапінай хаты.

Зрабіўшы некалькі крокаў, Гапа падшапнула Тацьцяне, каб ня выходзіць на сярэдзіну вуліцы, а йсьці між хатаў і гародаў. На выпадковы трэск ці стук ног яна адказвала чулым уздрыгам усяе постаці і падозрана аглядалася вакол. «Цішэй, цішэй, Тацьцянка», пераказвала да Тацьцяны.

Белы круг месяца, узышоўшы досыць высока, пускаў доўгія цені ад кожнае рэчы; але па адным баку вуліцы яго сьвятло паласкала ўвесь надворны выгляд будынкаў, так што можна было на адгоне дзесяткаў сажняў убачыць седзячага на прызьбе. Затое трудней рабілася разглядзець што-кольвек па цёмным баку вуліцы.

Гапа з Тацьцянаю, ідучы цёмным бокам, мінулі некалькі будынкаў і гародаў. Прыслухваліся і пільнавалі адна другой. Мінаючы чацьверты двор, абое раптам спыніліся. Кожная пачула ціхую, рэдкую гутарку, якая йшла з-за платоў пасэсаравага двара. Гапа хапіла Тацьцяну за руку, сьціснула яе, даючы гэтым знак, каб тая спынілася на месцы, а сама падышла шчыльна к платом і прыслухалася. Рэдкія словы выразна даходзілі да яе з глыбіні двара. Кожнае з іх, як малатом стукнула ў грудзі Гапе і, стукаючы, распаляла яе злосьць, зайздрасьць і прагу да помсты. «Я-ж табе, здрайца, адрыгнуся-а!» — выбіла ў яе галаве надыхтаваная помстаю сіберная думка. І тут-жа, як працяг гэтае думкі, нейкая сіла піхнула Гапу хапіцца за кол у частаколе і ў міг выламаць яго з рэзкім трэскам. Рэха ад злому гулка разьляцелася ва ўсе бакі і ажно напалохала Тацьцяну. Тая хутка кінулася к плоту, ня ведаючы, што зрабіць з таварышкаю. Нашарохаў трэск і гутарыўшых у дварэ, якія раптам заціхлі. І тое зацішша, якое, здавалася, запанавала сьледам за трэскам калка вакол і ўсюды, яшчэ больш разьярыла Гапу, і яна рашуча, няпрытомна выбегла з-за платоў, параўнялася з вешніцамі ў двор Клумкі і з усяго размаху кінула ў яго калок. Кінула і ў момант пусьцілася ўбежкі назад, забыўшы і пра Тацьцяну. Стук, які зрабіў калок, выцяўшы ні-то ў дзьверы, ні-то ў якісь цэбар, здалося Гапе, нібы пагнаўся за ёю. Пераляцеўшы некалькі хат, Гапа яшчэ шпарчэй замітусіла нагамі.

Азіраючыся, не зварочваючы ўвагі на Тацьцяну, яна хутка прыбегла да свае хаты, спрытна адчыніла вешніцы і ўскочыла ў двор. Ускочыла і раптам апамяталася: — стала, каб аглядзецца.

Хутка прыбегла й Тацьцяна.

— Гапа, Гапа! — моцным шэптам падала яна, — чаго ты так памчалася. Ніхто-ж ня гоніцца.

Гапа прачыніла вешніцы і ўпусьціла ў двор Тацьцяну.

— Калі й не пацэліла ні ў аднаго, затое напалохала. Памятацьмуць, паганцы! — здавольна пахвалілася Гапа.

— Але ты й мяне перапалохала. Я зусім не чакала, што ты так зробіш, хай цябе паралюш…

— А мо’ ня варта, скажаш? — сумелася Гапа.

Тацьцяна нічога не адказала, каб ня смуціць таварышку.

— Хай-бы ведалі, што гэта я, — казала Гапа.

— Ды даведаюцца. Забачыш, ужо заўтра будзе ўсё ведана. Даведаюцца і скемяць, у чым сэнс… Нічога, варты абое…

Гапа здаволена засьмяялася.

Пачакаўшы яшчэ крыху, яны разышліся.

Гапа не пайшла ў хату, а лягла спаць у сенцах. Лягла і перш задрамала, забыўшыся праз усё. Але праз хвілін дваццаць яна абудзілася і зусім згубіла сон. У голаў хлынулі соткі розных думак і запаланілі яе нашчэнт. Гапа мімаволі, цалкам, нырнула ў іх, перабіраючы адну за другою. Усе гэтыя думкі, як калясо, пачыналіся з надуманай зборні, краталіся розных момантаў яе перажываньняў і канчаліся пусканьнем калка на Людвісю з Кар’ёнам. Спыняючыся на гэтым, Гапа правярала сябе, ці ў праве была зрабіць тое, што зрабіла. «Можа й ня варта было чапаць?» уставала перад ёю пытаньне і чапляла яе за жывое. «Не, гэтага яшчэ мала. Мала таму, што яны знарок насьмяхаюцца з мяне. Я не магу дараваць, каб яна, валацуга гэтая, так нецырымонна, так сьмела пайшла на гэта. Байструк-жа… Байструк!.. Га-а! Так!».

Успомніўшы гэту асабістасьць Людвісінага пахаджэньня, Гапа зразу зарадавалася, як быццам-бы знайшла вернае выйсьце з свайго няпрыемнага становішча. Скучаныя ў адзін клубок цяжкія думкі глыбокай няверы кудысьці адсунуліся, парадзелі; у галаве Гапы стала лягчэй і бадзёрай. Яна перамяніла позу, расьцягнуўшыся ва ўсю доўж, адплюшчыла вочы і сама сабе ўхмыльнулася. «Байструк! Кар’ён таго ня ведае! Бедны, ён пагнаўся за яе пекнатою… А тое, што яна байструк — і ня ведае. Пакаецца — толькі давясьці яго. Заўтра гэта трэ’ будзе зрабіць… Заўтра… Але як? Спыніць і сказаць? Ці паверыць? Думацьме, што я па завідзе наракаю — адвернецца… Ах!». Гапа ўсю ўвагу пакіравала на роздум, як і што ёй будзе зрабіць, каб расказаць Кар’ёну аб Людвісі, хто і што яна. «А вось, — захапіўшыся думкамі, уголас размаўляла яна сама з сабою, — папрашу Тацьцяну, няхай папробуе яна. Ёй ямчэй гэта зрабіць. Заўтра-ж папрашу спаткаць яго і ўсё-ўсенькае расказаць… Цікава, якое ўражаньне гэта зробіць на яго. Заплюецца, пэўна… Ах, цудны які Кар’ён. Папасьмяюся я з цябе, браце, уволю… А калі нічога не паможа? Што тады? Мо’ зусім ня варта пачынаць гэтага? Можа, проста вылаяць яе і годзе? Вядома, гэта нездарма цэлы тыдзень не паказвацца. Мабыць, нешта»…

Гапа кінула размаўляць і хапілася за ўспамін, каб адшукаць у сваіх адносінах з Кар’ёнам тыя ці іншыя вады, знайсьці якое няпуцёвае слова, што можа як калі неабдумана выказала, але ні на чым ня спынялася яе думка. Увесь праведзены з ім час — выглядаў сьветлаю паласою яе жыцьця. «Пэўна адно — што Людвіся прыгажэйшая за мяне», адкульсьці вынікла суменная думка. Вынікла ціхай, таемнай да таго, што сьпярша Гапа не зьвярнула на яе ўвагі, і прапусьціла разам з іншымі думкамі; але разам яна, як-бы незнарок, затрымалася ў яе сузнаньні, вырасла ў самую вялікую і заваладала ўсёю яе істотаю. Гапа глыбока жахнулася ад ахапіўшае яе цяжкае балючае крыўды на самую сябе, на сваю долю, на жыцьцё.

Ёй стала моташна, душна і няпрыемна. Не магла спакойна ўлежаць і некалькі разоў засаб перавярнулася; нарэшце лягла ніцма, утуліла голаў у падушку, сьціснула зубы й балюча заплакала здаўленым нутраным плачам…

А на дварэ ўжо паднімаўся золак, і лёгкі белы водсьвет яго прабіваўся ў вузкае акенца сянец.


3.VII—23. Менск.