Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/I/Думкі

Вецер Думкі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Рана засмуцілісь
Іншыя публікацыі гэтага твора: Думкі (Ой, вы, думкі, думкі…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДУМКІ

Ой, вы, думкі, думкі,
Сэрца майго раны!
Ці вы мае дзеці,
Ці вы кім насланы?

Што-ж вы завіліся
Віхрам нада мною,
І няма ніколі
Мне ад вас спакою?

Рад-бы я ня думаць
І ня знацца з вамі,
Ды без запытаньня
Плывяце вы самі.

Плача маё сэрца,
Хоць бяз сьлёз, ды горка,
Як пачнецца ваша
Смутная гаворка.

І на маю душу
Леглі вы туманам,
Мітусьлівым роем,
Смутным караванам.

Ой, вы, мае думкі!
Ці вы кім зражоны,
Што так невясёлы,
Што так засмучоны?

Рад-бы я ня думаць
І ня знацца з вамі,
Толькі-ж проці волі
Плывяце вы самі.

1909 г.