Засмуцілася,
Зажурылася
Даль шырокая,
Неаглядная.
Думкай горкаю,
Невясёлаю
Зьвіс туман сівы
Над балотамі.
А ў палёх даўно
Жыта зьвезена,
Коска, серп крывы
Працу скончылі.
Агаліўся луг,
Даўно скошаны,
Толькі вежамі
Стагі высяцца.
А зірнеш на лес —
Сэрца сьцісьнецца:
І маркотна ў ім
І ня весела!
Пажаўцеў убор,
Пышны ліст яго,
І ціхусенька
Асыпаецца.
Сьціхлі песенькі
Вольных пташачак…
Глуха лес маўчыць,
Думку думае.
Знаць, ён думае
І маркоціцца
Па вясьне-красе,
Залатой пары.
Эх, пануры лес!
Ня журыся, брат:
Для твае вясны
Сьцежка бітая —
Жыцьцё новае
К табе вернецца.
Зашуміш ты зноў
Гучна лісьцямі,
Засьпяваеш ты
Разам з пташкамі
І хвалу сьпяеш
Жыцьцю новаму.
А мая вясна,
Мая мілая,
Ўжо ня вернецца,
Ой, ня вернецца!..
Чаго-ж смуцішся
І маркоцішся,
Даль шырокая,
Даль зьнямелая?
1910 г.
|