Зірну я на неба. Па сіняй раўніне
За хмаркаю хмарка плыве.
Тыя сальлюцца, другая загіне
І зьнікне ў пустой сіняве.
А тыя па небе, бясплодныя, ходзяць,
Глухія на плач збажыны.
І мысьлі тож часта бяз сьледу праходзяць,
Таксама зьнікаюць яны.
Зірну я на жыта, што ў полі красуе,
І пыл жыватворчы над ім
Так ціха снуецца, калосьсе цалуе
Любоўным дыханьнем сваім.
Ды ўздымецца вецер і злосна павее,
Пагоніць той пыл на лясы.
І ў жыцьці часьцютка ня мала гібее
Такой жыватворчай красы.
Сталетняе дрэва. Раскоша галіны
У зелень убрала вясна,
І горда гамоняць яго верхавіны,
І ў гомане радасьць чутна.
А восень надыдзе, и лісьце жалобна
На дол амяртвелы спадзе.
І моладасьць наша тым лісьцям падобна:
Як лісьце, яна адцьвяце.
Вось ціха сьняжынкі ў адлігу лятаюць,
Нібы матылёчкі ў маі.
Падуць і растануць, на век прападаюць,
Як роска вясною ў гаі.
І ты, чалавеча, як сьнег у адлігу:
Упаў і сканаў і няма.
З трывогай глядзіш ты ў адвечную кнігу,
І душу агортвае цьма.
1910 г.
|