Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/I/Усход сонца

Уюцца думкі Усход сонца
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Вецер
Іншыя публікацыі гэтага твора: Усход сонца (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УСХОД СОНЦА

На усходзе неба грае
Пераліўным блескам,
Сыпле золата над гаем
І над пералескам.

Чуць-чуць дрогне, прыліецца
Чырвань на усходзе —
Гэта неба усьміхнецца
Людзям і прыродзе.

Сьмех адказны, сьмех шчасьлівы
Ходзіць на пагорках.
Час сьвітаньня — час жычлівы…
Гаснуць, нікнуць зоркі.

Шырай, шырай зараніца
Разьнімае крыльле,
Нібы пожар б’е крыніцай
Там на небасхіле.

Сноп праменьняў, пышна ўзьняты,
Сее блеск-чырвонцы —
Гэта неба сьцеле шаты
На дарогу сонцу.

Над палямі мрок прарваўся,
Па нізох расплыўся,
Лес туманам заснаваўся,
Луг расой абмыўся.

Агнявыя валаконцы
Ткуцца ў шоўк чырвоны —
Гэта хмаркі ладзяць сонцу
І дзяньку кароны.

Як прыемна пахне збожжа!
А вакол — спакойна!
Эх, як слаўна, як прыгожа,
Хораша, прыстойна!

І сабрала неба фарбы
Колераў дзівосных…
І дзе ёсьць такія скарбы
Гожства, сугалосься?

1908 г.