Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/II/Жытні колас

Могілкі Жытні колас
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Чыгунка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Жытні колас.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЖЫТНІ КОЛАС

На саломцы тонкай
У траве густой
Сьпее адзінокі
Колас сіратой.

Ці то птушка божа
Кінула зярно,
Ці то заняслося
Бураю яно,

Ці з дзіравай торбы
Конік чый згубіў,
На чужую скібу
Зерне пасадзіў, —

Неба яго знае,
Як сюды папаў,
Хто ад роднай нівы
Зерне адарваў…

Сушыць яго сонца,
Хіліць вецярок.
Ные сірацінка,
Плача каласок.

Плача, што няма з кім
Думку падзяліць,
Смутную галоўку
Ціха прытуліць

Да другой галоўкі,
Да другіх грудзей
І шаптаць аб шчасьці
У цішы начэй.

Апусьціўшы нізка
Тонкі паясок.
Ные сірацінка,
Плача каласок.

Плача, што дарэмна
Тут расьце ў глушы,
Што нідзе ня згледзіш
Роднае душы,

Што яго зярняткі
Птушкі падзяўбуць,
Белую саломку
Ветрыкі паб‘юць.

І, падняўшы ўгору
Стромкі валасок,
Ные сірацінка,
Плача каласок.

1908 г.