Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/II/Наша гуменца

Будзе навальніца Наша гуменца
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Глухая дарога
Іншыя публікацыі гэтага твора: Наша гуменца.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАША ГУМЕНЦА

Я люблю сваё гуменца,
Крытае саломай,
З гэтай стрэшкай пасівелай,
Так даўно знаёмай,

З гэтай сошкай, дзе гнязьдзечка
Ластавачка лепіць…
Добра там ёй: дождж ніколі
Дзетак не зачэпіць!

Дзе пад шчытам павуцінку
Ветрык хіліць-песьціць
Ды такія байкі бае —
Галава ня зьмесьціць!

Дзе саломка з каласінкай,
Выбіўшыся з стрэшкі,
Згайдануцца, засьмяюцца
Радаснай усьмешкай.

А як слаўна адпачыці
Тут на мяккім сене!
Сонца ўзыдзе і рассыпле
Золатам праменьні

Па ўсяму гумне скрозь шчылін,
Праз страху, з-пад шчыта,
Бы разьвесіць тая ткаха
Залатыя ніты.

Зашчабеча над гнязьдзечкам
Ластаўка жычліва.
За гуменцам, ціха шэпча
Каласамі ніва,

Як-бы кліча яна жнеек
Або просіць косак.
Ўсё мне кажа тут пра жыцьце
Родных сёл і вёсак.

Добра мне тут, мне тут міла,
Родна ўсё і блізка.
Тут хлябок мой, мая хата
І мая калыска.

1913 г.