Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/II/Палесьсе

Прайшлі незваротна дзянькі веснавыя Палесьсе
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Дубы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Палесьсе (Край лясоў, край балот…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЛЕСЬСЕ

Край лясоў, край балот!
І туманаў гнілых!
Хоць і бедна ў табе,
Хоць у лозах тваіх
Вецер жудасна ўвосень шуміць,
А ўсё міл ты мне — чым?
Я ня ведаю сам,
А твой вобраз маім
Прыглядзеўся вачам,
Да цябе маё сэрца ляжыць.
Я люблю твой прастор,
Гмах шырокі балот,
Дзе бубняць бугаі,
Дзе красуе чарот
І дзе травы, як мора, ляглі.
Калі лес там, дык лес:
Можна тыдзень дыбаць;
А прастор, дык прастор —
І канца ня відаць,
Не ахопіш, ня зьмерыш зямлі.
Я люблю твой спакой,
Яснасьць ціхіх дзянькоў,
Залаценькі убор,
Тую чырвань лясоў,
Што на сонцы увосень гарыць.
Я далёка цяпер
Ад палескіх раўнін.
А люблю-ж я той край,
Бы яго родны сын,
І па ім маё сэрца баліць.

1916 г.