Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/II/Родныя песьні

Многа слаўненькіх куточкаў… Родныя песьні
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Дарога
Іншыя публікацыі гэтага твора: Родныя песьні (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РОДНЫЯ ПЕСЬНІ

Вісьне скарга уздоўж Нёмна,
Беларусі сына.
Як ты бедна, як ты цёмна,
Родная краіна!

Зьбіты ў кучу твае вёскі,
Стрэхі ў дол уходзяць.
Смутнай песьні адгалоскі
Лес, курганы родзяць.

Крыж збуцьвелы, знак пакуты,
Тут і там чарнее.
Даль паўнютка ціхай смуты —
Жаль на душу вее!

Ўсё ў табе, мой родны краю,
Апавіта горам:
І той вецер, што дзьме з гаю,
Што шуміць над борам;

Тыя песьні, што на полі
Жнеі засьпяваюць,
Тыя думкі, што да болю
Сэрца калыхаюць.

Ва мне-ж смутак, гора гэта
Водгульле знаходзіць.
Сэрца-ж, жалем абагрэта,
Песьні смутку родзіць.

Няхай плачам у тэй далі
Песьня разальлецца,
Каб усе на сьвеце зналі,
Як нам тут жывецца.

1909 г.