Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/III/Наша доля

Каханьне Наша доля
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Мужык
Іншыя публікацыі гэтага твора: Наша доля (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАША ДОЛЯ

Наша доля нас ня знае.
Жыцьце наша — ноч і цьма.
Ўлетку жар нас данімае,
Цісьне холадам зіма.

Не красуе наша ніва,
Луг ня цешыць нам вачэй.
Гне к зямлі нас праца жыва,
Гоніць ў могілкі дзяцей.

Наша жыцьце невясёла…
Ноч і цьма на нас ляглі.
Нашы хаты, вёскі, сёлы
Сівым мохам абрасьлі.

Нашы сьлёзы няшчысьлёны,
З нас крывавы льлецца пот…
Люд забіты, люд хрышчоны.
Абяздолены народ!..


∗     ∗

— Што, брат Грышка: папраўляйся —
Чутка ёсьць — зямлі дадуць.
Не хварэй, брат, падымайся
Ды ачуньвай як-нібудзь.
— Эх, Мікола: што тут цешыць?
І стары, а як дзіця:
Не, ня будзе нам жыцьця,
Як паноў не перавешаць.

1907 г.