Між глыбокіх сьнягоў,
Дзе лес глуха шуміць,
Ціхі дом лясьнікоў
Адзінока стаіць.
Воўчым вокам акно
Ў цемры ночы блішчыць.
Дзеці леглі даўно,
Толькі маці ня сьпіць,
Завывае, бы зьвер.
Стогне вяз над страхой.
Страшна ў лесе цяпер,
Сьцішна ў хаце адной.
Ды прывыкла яна
Да паўночы сядзець
І скрозь шыбы акна
Ночцы ў вочы глядзець.
А ў тым коміне зноў
Вецер песьню пачаў,
Вось ён глуха завёў,
Застагнаў, забурчаў…
— Мама! страшна мне тут,
Я баюся адзін:
Унь варушыцца жмут
На ашэстку аўчын.
Сын малы, Васілёк,
Кліча матку к сабе.
— Бог з табою, сынок:
То здалося табе!
Ня пужайся, дурны:
То аўчынкі вісяць.
Няжывыя яны
І ня могуць чапаць.
— Мама! сядзь ідзі тут…
Што так страшна гудзе? —
Ставіць прасьніцу ў кут,
К сыну матка ідзе.
— Мама! чуеш — во-во!
Хтось па даху пабег!
Гэта злодзей ці хто?
— Не, сынок: — гэта сьнег!
— А што трэба яму?
Чаго ўзьлез ён на дах?
Ці ён грозіць каму,
Ці спужаў яго страх?
— Ой, блазнота мая,
Ну-ж з цябе і сьмяляк!
Чаго думка твая
Устрывожана так?
Гэта-ж вецер, сынок.
— Ён жывы, ці які?
— Ды не, мой галубок!
Гэта — подых такі.
— А што робіць ён? — Хто?
— Ну, той подых! скажы!
— Нямаведама што
Ты гаворыш!.. Ляжы!
Васілёк замаўчаў,
Нярухліва ляжыць,
Мусіць думаць пачаў,
Чаго вецер шуміць.
А ён, нібы той зьвер,
Плача, вые, гудзе.
— А дзе тата цяпер?
Чаму доўга ня йдзе?
Не баіцца адзін
Ён па ночы хадзіць!
— Тата дужы, мой сын!
За плячыма вісіць
Стрэльба, нож пры баку,
Дык баяцца чаго?
Кепска будзе ваўку,
Калі чэпіць яго!..
— Мама! праўда ці лгуць,
Што маленькіх дзяток
Жабраком аддаюць
Замест хлеба ў мяшок?
— Не, няпраўда, сынок!
Гэта байку сплялі,
Проста страшаць дзяток,
Каб паслушны былі.
Зноў заціх Васілёк
І пытаць перастаў,
Зноў яго разумок
Варушыцца пачаў.
Ціха ў хатцы малой,
Смутна лямпа гарыць.
Бор стары за сьцяной
Ўсё шуміць ды шуміць.
1909 г.
|