— Годзі, жонка! Ну, ня лайся:
Больш гарэлкі ані ў зуб!
Калі вып‘ю, ну, хоць кроплю,
Бі мяне, цягай за чуб!
Сам, нябож, я добра знаю,
Што з гарэлкі сьвет гарыць…
Тфу, паскудзтва! тфу, брыдота!
Хоць зарэж, — ня буду піць! —
Так прад жонкай спавядаўся
Посьле выпіўкі Тарас:
— Ну, на гэты раз павер мне —
Каб я жыў — апошні раз!
— Ой, ня раз я гэта чую!
Заракалася сьвіньня
За вугол хадзіць, Тарасе, —
І табе ня веру я!
— Ты ня верыш? Эх, Марылька!
Хочаш? я іду ў заклад
Залажэмся на цікавасьць:
Ты праграеш, як бог сьвят!..
Тфу! пад грудзі падпірае!
Кішкі зблутаны ў камяк,
Ну, а ў роце, каб знала —
Фэ, які нядобры смак!
Галава-ж, як малатарня
Або хто завёў там млын…
А ўсё Грышка, недаверак,
Каб ён спух, сабачы сын! —
Як прусак, што зьеў бураксы,
Ходзіць, плёвае, бядак,
І да жонкі падыходзіць.
— Сьсе вантробы мне чарвяк.
Слухай, золатка-галубка —
Стаў пакорненькі Тарас: —
Прынясі апахмяліцца —
Каб я жыў — астатні раз! —
1911 г.
|