Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/III/Песьня над калыскай

Панас гуляе Песьня над калыскай
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
За падаткі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня над калыскай (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ НАД КАЛЫСКАЙ

Аа-аа, мой сынок!
Аа-аа, мілы!
Ня крычы, ня плач: дарэмна
Ты патраціш сілы,

А бяз сілы, мой сынок,
Жыць на сьвеце трудна…
Ой, ты, вецер, ня шумі,
Не сьпявай так нудна!

Спаць Міхаську не даеш…
Сьпі, мой сын маленькі!
Я цябе пакалышу —
Ай, люлі-люленькі!

Што цябе чакае, сын?
Што твая за доля?
Можа й ты пот будзеш ліць
У чужое поле?..

Будзеш ўлетку ты хадзіць
На плыты, на згоны,
З Коўны матцы прынясеш
Хоць гарсэт чырвоны…

А мо‘ ў школку пойдзеш ты,
Будзеш чалавекам —
Без навукі цяжка жыць
Гэтым трудным векам.

Кінеш матку, па чужых
Ты па людзях пойдзеш,
І на шчасьце нападзеш,
Долю сваю знойдзеш.

Ўспомніш матку ты сваю,
Як цябе люляла,
Як табе я ў ноч ня раз
Песенькі сьпявала.

І гасьцінца мне прышлеш,
Не забудзеш маткі.
Вось усьцешуся тады,
Аж запляшчу ў ладкі!..

Аа-аа, мой сынок!
Люлі, люлі, мілы!
Ой, ня плач ты, ня крычы,
Набірайся сілы!

1909 г.