Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/Дзяўчыне

Эй, скажы мне… Дзяўчыне
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Увосень
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзяўчыне (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЯЎЧЫНЕ

Не кажы, што злыя людзі
І што сьвет паганы:
Сэрца крыўду ўсю забудзе,
Час загоіць раны,

Тыя раны, што зладзеі
Сэрцу прычынілі,
Тыя думкі і надзеі,
Што ў табе пабілі.

Да ці-ж варты баламуты,
Каб твой твар дзявочы
Засьцілаўся ценем смуты
І тускнелі вочы?

Пройдзе ўсё, перажывецца,
Вер мне, дарагая!
Будзе час — ускалыхнецца
Сэрца і ўзыграе.

А ў душы вясна настане,
Сэрца зноў палюбіць.
Прыдзе доля, ў вочкі гляне,
Шчыра прыгалубіць.

Не кажы-ж, што злыя людзі
І што сьвет паганы:
Сэрца смутак перабудзе,
Час загоіць раны.

1912 г.