Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/На разьвітаньні

Увосень На разьвітаньні
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Пад новы год (1914)
Іншыя публікацыі гэтага твора: На разьвітаньні.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА РАЗЬВІТАНЬНІ

Вечарэла і цішала,
І гушчала цені.
Поле моўчкі пазірала,
Лес — у задуменьні.

Той стары лес, праз каторы
Шла наша дарога,
А над намі, на прасторы
Вольнага разлогу,

Леглі хмаркі самавіта
Доўгаю градою.
Смуткам даль была спавіта,
Як мы шлі з табою.

Ўдоўж дарогі ў рад стаялі
Стромкія хваіны.
Не гайдаліся, маўчалі
Лапы іх, галіны.

Пастаялі, разьвіталісь
Мы з табою ў лесе,
Разышліся і схавалісь
Мы ў густым навесе

Маладых ялін і хвояў
І бяроз пахучых.
Жаль расстаньня сэрца кроіў,
Горкі жаль, пякучы.

Я спыніўся. Сэрца млела
Сьцішна стала ў лесе,
Толькі лісьце шапацела,
Як той дождж па стрэсе

Ў вечар восені пастылы,
Ў мрок спавіты шэры.
Як зьнікаў твой вобраз мілы,
Дарагі бяз меры.

1915 г.