Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/У дарозе

Бездараж У дарозе
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Дзе вы?
Іншыя публікацыі гэтага твора: У дарозе (Між узгоркаў і курганаў…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ДАРОЗЕ

Між узгоркаў і курганаў
Сьцежка вузкая ляжыць,
Даль нямая з-за туманаў
Сірацінаю глядзіць.

Лес акрыўся тонкай тканьню,
Сіняй дужкаю лёг гай,
За крывой далёкай граньню
Тоне ў бляску яго край.

Цішыня ва ўсім раздольлі,
Ўся заліта сонцам даль.
І сьціскае душу болем,
Ня то смутак, ня то жаль.

Ўецца сьцежка прада мною,
У шырокі сьвет бяжыць,
Дзе зьвіваецца зьмяёю,
Дзе як стужачка ляжыць.

А я далей ўсё дыбаю
Між узгоркаў і раўнін.
І мне шэпча жыта з краю:
„Ты адзін, адзін, адзін!“.

1909 г.