Падзівіся, браток,
Што за цемень вакруг!
Ў хмары месяц уплыў,
І бляск зорак патух.
Ня чуваць галасоў
Сьвежых, вольных, жывых.
Толькі совы крычаць
Па трушчобах глухіх.
Ім уторыць пугач —
Цёмны жыхар дупла.
Падзівіся, браток,
Што за цемень — імгла!
Толькі зрэдка у цьме
Бляск пужліва мігне,
Быццам воўк з-за кустоў
Злосным вокам зірне.
Гэты бляск — не агонь.
Гэта — фальш, гэта — зман…
Падзівіся, браток,
Як гусьцее туман!
Эх, і цёмна-ж у нас —
І дарожак ня знаць,
А прасьвету нідзе
Ня відаць, ня відаць!
Ў хмары месяц зашоў,
І бляск зорны патух,
Падзівіся-ж, браток,
Што за цемра вакруг!
Ды ня бойся, мой брат,
Гэтай жудкай цішы
І свайго ты агню
Ня тушы, ня тушы!
Пройдзе ноч, згіне цьма,
Непраглядны мрок-цень,
Змоўкнуць совы ў дуплох,
Як разьвідніцца дзень.
1910 г.
|