Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/V/З астрогу на волю

У вастрозе вясной З астрогу на волю
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
У турме
Іншыя публікацыі гэтага твора: З астрога на волю.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З АСТРОГУ НА ВОЛЮ

Бабёр устаў даволі рана,
Яшчэ і зьмены[1] ня было.
Ўсю гэту ноч ён спаў пагана,
А колькі думак праплыло,
То аднаму Бабру вядома
Ды тым пахілкам-бедаком,
Хто, як Бабёр, ня мае дому,
Ня мае ў людзі выйсьці ў чом.
Глыбока спаў астрог пракляты,
І сам Алейчык[2] спачываў
І сьніў цэйхауз і бушлаты[3],
Падвал, дзе шум ён падымаў,
Дзе ён адзін парадкі знае,
Усіх аматар ашукаць.
Бабёр тымчасам з нар спаўзае,
Ідзе „парашку“[4] „прывітаць“.
Ў „ваўчок“[5] зірнуў скроз карыдору,
Пачухаў сьцёгны і жывот…
Ох, гэты сьверб! ох, вошы-гора!
Калі вы пойдзеце на звод?
Бабёр хоць, праўда. з імі зжыўся
І хоць ня надта іх кахаў,
Але й ня надта бараніўся
І ім жыцьця ён ня ўціскаў.
Бабру ня раз хто назаляе:
„Глядзі, Бабёр — унь вош паўзе!“
„Паўзе? то што? бо ногі мае!
Ня зьесьць, нябось, не загрызе!“
Прысеў Бабёр на цьвёрдай нары[6]
Знайшоў акурак, закурыў
І нізка голаву спусьціў —
Яму свабода горай кары!
А сёньня тэрмін быць на волі.
Куды-ж ён дзенецца, бядак?
Ідзі, лаві ты ветра ў полі —
Ён гэтай волі знае смак!
А сіл няма, ня служаць ногі,
Ня хоча слухацца рука,
Адно і ёсьць, што біць парогі,
Узьдзеўшы торбу жабрака.
Хоць-бы вясна, ну, інша справа:
Усё-ж тады куды лягчэй,
А йсьці на зіму ня цікава —
Ідзі ды з голаду калей…
Панік Бабёр, як сіраціна,
Нудзьга пад сэрцам завіла…
Ох, воля, мілая часіна!
Відаць, і ты ня ўсім міла.

1910 г.


  1. Зьмена астрожнай стражы звычайна рабілася ў шэсьць гадзін раніцы і ў шэсьць гадзін вечарам.
  2. Алейчык — прозьвішча стар. надзірацеля.
  3. Бушлат — арыштанская адзежа з грубага сукна.
  4. Параша“ — начны цабэрак для арыштантаў.
  5. Ваўчок“ — дзірка ў дзьверах.
  6. Нары“ — палок, дзе сьпяць арыштанты.