Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/V/Сохну марна я…

У турме Сохну марна я…
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
З боку ад жыцьця
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сохну марна я ў астрозе…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Сохну марна я ў вастрозе,
Дарма трачу сілы.
Рвецца дух мой на свабоду
З гэтае магілы.

Шкода хаткі мне старэнькай
З латанай страхою,
Што схілілася над Нёмнам
Горкай сіратою.

Шкода мне зялёнай нівы,
Што шуміць у полі,
Тога дуба, што над рэчкай
Песьціцца ў прывольлі.

Шкода мне гаёў цяністых
І лугоў прастору,
Дзе пад ветрам ходзяць хвалі
Травянога мора.

Шкода сьветлай ручаінкі
Ў берагох пяшчаных,
Што як срэбра мкне-бруіцца
Паміж гор, курганаў.

Шкода вёсак запусьцелых,
Дзе ральнік гаруе,
Дзе зімою вецер вые,
Кудаса шнуруе…

Гэта — вобразы краіны
Беларусі роднай…
Край ты наш! Як міл ты сэрцу,
Цёмны край, галодны!

Ды ня век я тут гарую,
Дачакаю волі
І пачую ў родным краю
Песьні лепшай долі.

1910 г.