Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/V/Сьмерць арыштанта

Гусі Сьмерць арыштанта
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Пісьмо з астрогу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьмерць арыштанта.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЬМЕРЦЬ АРЫШТАНТА

Праз астрожны двор закрыты
Два людцы маўчком ідуць,
З тоўстых дошак сьпешна зьбіты
Цесны гроб яны нясуць.

І ня звоняць, не сьпяваюць,
Нікагутка ня відно.
Два плячы той гроб трымаюць,
Бы й ня гроб, а бервяно.

Арыштант! Сярод дарогі
Сам сябе ты адзваніў:
Кайданамі твае ногі
Суд „ласкавы“ надзяліў.

Арыштант! Яшчэ ты ўчора
Сам сабе і адмаліў,
У гроб цесны сваё гора
Ты глыбока палажыў.

Арыштант! І ў роднай хаце
Жыць з сям’ёю не далі.
Месца й там сабе ня хваціць,
Як ня стала на зямлі.

А сканаў ты, як сабака.
Знаць ня будуць сваякі,
Як пражыў ты, небарака,
Перадсьмертныя дзянькі!

Арыштант! Цябе зарыюць,
Не заплачуць над табой,
Хіба мо‘ ваўкі завыюць
У піліпаўку зімой.

Арыштант! Твае магілы
Крыж ня будзе вартаваць,
Адзін вецер свае крылы
Над ёй будзе разьнімаць,

Калі ўвосень раззлуецца
І памчыцца ў сьвет гуляць.
З языка ня раз сарвецца —
Хтось павесіўся, відаць! —

Арыштант! Ня будуць дзеткі
Знаць, дзе татка іх спачыў,
Бо ня будзе і заметкі,
Дзе ты костачкі злажыў.

1909 г.