Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/V/У няволі

Пыл У няволі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
У вастрозе
Іншыя публікацыі гэтага твора: У няволі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У НЯВОЛІ

За народ, што под ярмом
Шыю гне і сьпіну,
Што кляне лёс ціхачом
Кожную часіну;

За народ, што марне схне,
За сьвятое брацтва
Адабралі ад мяне
Усё мае багацтва…

Як за краты я зірну,
Сэрца млее з болю:
Меў уцеху я адну —
Адну толькі волю.

Ды гвалтоўнікі мае,
Ворагі ліхія,
У мяне ўзялі яе,
Адабралі, злыя.

Што-ж? няхай мой вузкі круг,
Няхай я ў няволі,
Толькі-ж ім свабодны дух
Ня стрымаць ніколі!

Толькі думак ня стрымаць,
Не загнаць у клетку…
Будзем разам гараваць,
Думкі, мае дзеткі!

1908 г.