Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/VI/Братом Зах. Бел.

Сьвіная філёзофія Братом Зах. Бел.
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Ворагам
Іншыя публікацыі гэтага твора: Братам Заходняй Беларусі (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БРАТОМ ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ

(„Грамадаўцам“)

Няхай паны ў сваёй дурноце
Мацней сьціскаюць абцугі,
Каб вас душыць у злосным гнёце,
Каб на калючым панскім дроце
Павесіць скарб наш дарагі;

Няхай ксяндзы-жрацы-блюзьнеры,
Падпёршы тылакам аўтар,
Выводзяць панскія намеры
З сьвятых канонаў свае веры,
Каб болей сталася ахвяр;

Няхай шалее гэта зграя,
Няхай чадзіць „сьвяты“ дурман,
Каб выбіць з беднага ратая
Прагненьне к волі таго краю,
Дзе ня прышчэпіцца больш пан;

Няхай караюць там сурова,
Каб дух народу загасіць;
Хай „ужонд[1] польскі“ слова ў слова
Бярэ прыклады з Мураўёва,
Каб дух спаганіць, ахлусіць;

Няхай „ад мора і да мора“
Жыве ў закручаных мазгох, —
Браты! мінецца ліха-гора,
І панскі шал затхнецца скора,
Бо стукне молат па панох.

1927 г.


  1. Урад, адміністрацыя (ад польскага Urząd — адміністрацыя). (Вікікрыніцы )