Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/VI/На лузе

Вецер На лузе
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Новаму году
Іншыя публікацыі гэтага твора: На лузе (Вецер паўднёвы у лузе квяцістым…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ЛУЗЕ

Вецер паўднёвы ў лузе квяцістым
Калыша траву-сенажаць.
Сіваваронкі над дубам вячыстым
Лятаюць і звонка крычаць.

Бусел клякоча ў гнязьдзе над хваінай,
Што колісь распляжыў пярун.
Даль неаглядная, стэп ясны, сіні
Замоўклі, як жалаба струн.

Гожа зьвіваецца ў лозах зялёных,
Бы срэбра жывое, рака.
Ня згледзіш, як летась, у яе ўлоньнях
Ні плытніка, ні рыбака.

Ходзіць той ветрык па лузе шырокім
І ціха на сонцы дрыжыць.
Мусіць ён шэпча кустом і асокам,
Каб нейкую скаргу злажыць…

Зьяюць на лузе машэст, аксаміты
І ткань залатая шаўкоў.
Толькі-ж над лугам жалоба разьліта
І сум сакаўных дубнякоў.

Быццам пытаюць мурог і мятліца,
Краскі і ўся сенажаць:
„Дзе вы, сяляне? дзе? Час касавіцы,
А вас ўсё няма, ня відаць?“

1915 г.