Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/VI/Першае знаёмства

„Асадзі назад“ Першае знаёмства
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Старому парадку
Іншыя публікацыі гэтага твора: Першае знаёмства.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРШАЕ ЗНАЁМСТВА

Помню, помню тую ночку!
Не забуду я той час.
Пеў салоўка у садочку,
Зор цягнуўся ў небе пас.

Выплыў месяц круглы, поўны,
Падрумянены, як блін.
Цярушыўся мрок бязмоўны,
І п‘яніў мяне язьмін.

І прышла ты нечакана,
Сама, строгая, прышла!
І са мною аж да рана
Тую ночку правяла.

Загадала першым дзелам
„Рукі ўгору“ мне падняць
Ды кішэні аглядзела,
Нават кіцель мусіў зьняць

Распарола мой сяньнік ты,
Разьвярнула мой бярлог,
І лісты мае ад Вікты
Паляцелі за парог!

І ўвесь час на тваім твару
Не схадзіла строгасьць, злосьць
І, сказаўшы мне слоў пару,
Запытала: „Пашпарт ёсць“?

Ты набрала маіх кніжак
Два портфэлі і прыпол,
А каб быць знаёмым бліжай,
Напісала пратакол.

1909 г.