На краю сяла глухога
Паміж ліп разложных
Прытуліўся дом убога,
Як жабрак набожны.
Пахілілася гарожа,
Ў дзірах дах зіяе…
Няпрытульна, няпрыгожа
Школка выглядае!
Насьцеж зяўраюць вароты.
Чуць ліпяць і дзьверцы.
Дзьве бярозкі, як сіроты,
Гінуць ў паняверцы.
Ціха. Ночка. Нічагутка
Навакол ня дрогне,
Хіба толькі дах ціхутка,
Як стары, застогне.
Вёска сьпіць — пара глухая,
Позная часіна.
Ня сьпіць толькі маладая
У школцы дзяўчына.
Сьвеціць лямпа перад ёю,
Ціха, бы ў магіле.
Многа працы ёй з дзятвою,
Каб разьняць ім крыльле,
Каб разблытаць з павуціны
Разумок дзіцячы,
Ды ня страшны для дзяўчыны
Трудныя задачы.
Хоць над ёю цьма глухая
І вісіць абухам,
Ды дзяўчына маладая
Ня падае духам.
Вучыць дзетак з дня ў дзянёчак,
Кніжкі ім чытае,
Раскатурхаць разумочак
Дзеткам памагае.
Рада радасьцю дзяцінай,
Смутна іх бядою.
Не нацешацца дзяўчынай
Дзеткі маладою.
Так у цяжкай тэй рабоце
Траціць дні дзявочы,
Каб галоце і бядоце
Цьму расьсеяць ночы.
Сьцішна ў вёсцы. Думка-смута
Часта душу томіць, І часамі боль зло-люта
У сэрцы загамоніць,
І агорне журба нейка,
Няміло нічога,
І ня знойдзеш чалавека.
Чулага, жывога…
Поп і пісар — чужаніцы —
Іх свая дарога:
Рвуць, як могуць, ад дурніцы,
Мужыка сьляпога.
Цяжка беднай ёй часамі,
„Власти“ насядаюць,
Поп і земскі з пісарамі
Скрыва паглядаюць
На дзявочыя стараньні,
На яе работу,
Толькі-ж вера ў сілу знаньня
Ёй дае ахвоты.
Цёмна ў вёсцы, беспрасьветна,
Цяжка, цяжка школе,
ды праз школу няпрыметна
Прыдзе шчасьце-воля.
Не загінуць край і людзі,
Пасынкі народу,
Калі ў краю гэтым будзе
Зьяць прамень свабоды.
1909 г.
|