Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Да сваіх думак

Мае думкі Да сваіх думак
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
З думак маркотных
Іншыя публікацыі гэтага твора: Да сваіх думак (Скажыце мне, думкі…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДА СВАІХ ДУМАК

Скажэце мне, думкі,
Гора-весялушкі,
Чаго вы прыціхлі,
Як у восень птушкі?
Чаго вы прыціхлі,
Чаго прынямелі?
Ці вы са мной смутным
Шчасьцейка ня мелі?
Ці вас бедных людзі
Міла ня віталі
І вашую радасьць
Злосьцяй аплявалі?
Ці вас маё сэрца
Адчуці ня ўмела?
Ці вас мая доля
Скрыўдзіці пасьмела?
Эх вы, мае думкі,
Ўстаньце, ачуняйце!
Хоць вам мо‘ і цяжка,
Як калісь зайграйце!
Ня слухайце: злыдняў
Казкі сьвета ўражай, —
Слухайце, што сэрца,
Што душа вам скажа!
Як звон гусьляў звонкіх,
Як арол на скале,
Голас ваш свабодны,
Голас ваш, як з сталі.
Дык іграйце-ж, думкі
З вераю шчасьліва,
Зьменным людзям, сьвету
На ўзгардасьць, на дзіва!