Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/К зорам

Шчасьлівасьць К зорам
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
⁂ (Дарогай змучаны далёкай…)
Іншыя публікацыі гэтага твора: К зорам (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




К ЗОРАМ

К зорам агністым, к прывольлю нябеснаму,
Вырваўшы з ціны жыцьцёвай душу,
Мчыся, ня дайся цярпеньню балеснаму,
Горда пакінь земляную глушу!

К зорам, што так над табой разгараюцца
Льсьніста ў мільённай па небе сяўбе,
Рвіся, хай думы прабіць цьму стараюцца:
Там хэрубіны спаткаюць цябе!

Песьні там, духамі зораў ствараныя,
Будуць душу весяліці тваю;
Думна ўзьнясешся над нізяй туманнаю,
Рдзеці дасі там прывольля агню.

З зораў, з-пад неба ўсё быцьце зямельнае
Проймеш паглядам цікавым наскрозь;
Бачыці будзеш ― з жыцьцём неразьдзельныя ―
Крыўду, бяспуцьце, нянавісьць і злосьць.

Горна расстаўшыся з буднімі справамі,
Тысячы ўздохаў пачуеш з грудзей;
Вызнаеш брата з рукамі крывавымі,
З сэрцамі гадзінаў поймеш людзей.

Крыкі, пракляцьці пачуеш нязнаныя,
Мукі старыя, стагнаньні цямніц,
Трупамі ўбачыш паляны засланыя,
Сьлёзы сірот, удавіц, маладзіц.

Будзеш глядзеці на гэта ўсё дзікае,
К зорам-жа мчаціся будзе твой дух;
Будзе на сэрцы спакойнасьць вялікая
Ўскросшым з нізін, дзе Зьніч праўды затух.

К зорам агністым, к прывольлю нябеснаму,
Вырваўшы з ціны жыцьцёвай душу,
Мчыся, ня дайся цярпеньню балеснаму,
Горда пакінь земляную глушу!