Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Наша мінуўшчына

⁂ (Дарогай змучаны далёкай…) Наша мінуўшчына
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
А як мы з хаткі выходзім…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Наша мінуўшчына (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАША МІНУЎШЧЫНА

Мы ня жылі, як жывуць людзі,
Гасьцінцам шчасьця не хадзілі,
Ня зналі ўцехі нашы грудзі,
Вянкоў мы славы не насілі.

Мы ў паніжэньні, ў вечным трудзе,
З днём кожным слабшыя на сіле,
Бясцэльна па калючай грудзе
Блудзілі, горасна блудзілі.

Быдлём асуджан быў валяцца
Сын свайго краю, родных межаў;
Калі-ж хто ўздумаў прачыхацца,
Курган прыбавіў толькі сьвежы.

Хацеў хто песьняй адазвацца,
Глушыў хаўтурны воклік з вежы;
З нягодай мусілі змагацца,
Як тыя вербы на ўзьбярэжжы.