Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/На могілках

Выйду, выйду… На могілках
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Сірочая доля
Іншыя публікацыі гэтага твора: На могілках (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА МОГІЛКАХ

Стаю на могілках і думу
Ў сьлязьлівым сэрцы калышу,
Ганю ад жыцьцёвага шуму
Ў загробны край сваю душу.

Бягуць прыгасшыя зраніцы
Па наспах, плітах і крыжох;
На ўсіх, знаць, смутак без граніцы,
На ўсіх лет многіх парос мох.

Ляжаць зарытыя тут косьці
Ваяк гаротных за жыцьцё,
Зышлі ў зямлю на вечны госьці,
Зышлі пад дзёрнаў пакрыцьцё.

Эх! б‘ецца, б‘ецца хтось нямала
Гаротна ў шчасьці, то ў бядзе;
Скасіла сьмерць — і ўсё прапала…
Дзе гора, доля, думы дзе?

Усё ў халоднай сьпіць магіле
Сном вечным, непрабудным сном.
О, сьмерць! Хто дзе цябе асіліў?
Ня йшоў, ня зьлёг пад курганом?

Ідуць усе, і я за ўсімі
Зыду з нудой, бядой сваей.
Так цяжка жыць паміж жывымі!
Ў магіле будзе мо‘ лягчэй.