Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Сядзь тут, на ўзьмежку…

Безьзямельныя Сядзь тут, на ўзьмежку…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
А як нам зоркі загаснуць…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сядзь тут, пад крыжам…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЯДЗЬ ТУТ, НА ЎЗЬМЕЖКУ…

Сядзь тут, на ўзьмежку, сядзь аддыхні,
Змучаны, браце, дарогай!
Ты без аддухі многія дні
Шоў сіратою паміж людзьмі,
Ждучы спачынку з трывогай;

І не знашоў ты друга нідзе,
Што запрасіў-бы ў хаціну,
Дзе-б ты забыўся аб горкай бядзе,
Што за табою з горам ідзе,
Дзе-б аддыхнуў ты часіну.

Дзе-б табе далі цёплы куток,
Каб не калеў на марозе;
Каб ня млеў, хлеба далі-б кусок,
Веры і сілы, дзе-б ты, дружок,
К дальшай набраў-бы дарозе.

І не знашоў ты хаткі такой;
Дальш ісьці мала ўжо сілы;
Сядзь тут, на ўзьмежку, браце ты мой!
Тут як спачнеш ты з бурлівай душой,
Дойдзеш лягчэй да магілы.