Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?

А як нам зоркі загаснуць… Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Зьнямога
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЦІ ТЫ УЗОЙДЗЕШ КАЛІ, СОНЦА?

З плачам думка-песьня льлецца
Па замучанай старонцы,
З плачам рэха адаб‘ецца…
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?

Маці ўдоўка, сірацінка
Паглядаюць у ваконца, —
Дагарэла ўжо лучынка…
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?

Пхнецца сьцежкай падарожны, —
Няма хлеба ўжо ў катомцы, —
Цэль далёка, зблудзіць можна…
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?

Мужык з горам ляжа, ўстане,
Пляце байкі дзеткам, жонцы,
Толькі чутны уздыханьні…
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?

Шнур бядак пахаў да поту, —
Марны-ж колас на саломцы, —
Ні красы тэй, ні ўмалоту…
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?

Безьзямельны згубіў долю,
Хоць шукай з бяды ў палонцы;
Ні тэй хаты, ані поля…
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?

Сэрца поўнае трывогі
Жальма жаліцца бясконца;
Ні тэй праўды, ні дарогі…
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?

З плачам думка-песьня льлецца
Па замучанай старонцы,
З плачам рэха адаб‘ецца…
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
— Ці ты ўзойдзеш?