Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Аўтарцы «Скрыпкі Беларускай»

Маладым на вясельлі Аўтарцы „Скрыпкі Беларускай“
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Думкі (з украінскага)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аўтарцы «Скрыпкі беларускай».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Чутка йграеш, гулка йграеш
Ты на скрыпачцы сваей,
К небу з думкай падлятаеш,
Шчасьця жычыш для людзей.

Ў перагонку з салаўямі
Пайсьці голас можа твой.
Грай-жа, грай-жа паміж намі!
Ваюй песьняй з цемнатой.

Крэпкі струны тваёй скрыпкі,
Ў тваёй скрыпцы душа ё,
Ў руцэ сільнай смычок ліпкі
Лёгка ходзіць, як пярцо.

Павядзеш ты ім, і песьня
Льлецца — проста-б слухаў век:
Неяк шчасна, то балесна
Сябе чуеш чалавек.

Аб чымсь сьветлым, аб чымсь новым
Твая скрыпка грае нам;
Грае, грае, а ў ёй мова
Наша чуецца бяз плям.

Беларуса й яго жонку
Называеш ты людзьмі,
Беларусь, яго старонку,
Славіш песьнямі сваймі.

Ах так хочацца, хоць сьціха,
Тваёй скрыпцы ўтараваць, —
Піць з таго, што й ты, кяліха,
Аб чым граеш, апяваць.

Гэй, пясьнярка, болей, болей
Нам на скрыпцы сваёй грай!
Прывітаем хлебам-соляй,
Дзякуй скажа родны край.

Бедна нашая старонка,
Яе-ж люд бядней яе:
Не апеты песьняй звонкай,
І цяпер хто-ж апяе?

Хто? — як кінеш так прыгожа
Для сваіх ты йграць людзей.
…Эх! іграй-жа той, хто можа:
Плакаць будзе весялей.